У ЗША адзін чалавек загінуў і яшчэ сямёра атрымалі траўмы, пасля таго як адзін з рухавікоў пасажырскага самалёта загарэўся і выбухнуў у паветры.
Інцыдэнт адбыўся ў аўторак раніцай. Рэйс 1380 кампаніі Southwest Airlines Нью-Ёрк — Далас быў вымушаны здзейсніць экстранную пасадку ў Філадэльфіі, бо ў выніку інцыдэнту аказаліся пашкоджаны крыло, фюзеляж і акно самалёта.
На зробленым дыспетчарамі запісе размоваў у кабіне чуваць, як адна з пілотаў кажа: «У нас тут дзірка, і нехта [у яе] вылецеў».
Па словах відавочцаў, пасля выбуху адну з жанчын часткова зацягнула ў разбітае акно, аднак іншым пасажырам удалося зацягнуць яе назад. Пазней яна памерла ў бальніцы.
Аварыйная пасадка ў Філадэльфіі была праведзена паспяхова.
Загінулую завуць Джэніфер Рыярдан, яна была віцэ-прэзідэнтам філіяла банкаўскай кампаніі Wells Fargo ў горадзе Альбукерке. У загінулай, па дадзеных газеты, засталіся двое дзяцей.
Гэта першы інцыдэнт гібелі пасажыра на борце амерыканскага пасажырскага самалёта з 2009 года.