Міністэрства замежных спраў Расіі абвінаваціла ЗША ў «візавай блакадзе» і папярэдзіла аб магчымым спыненні рэгулярнага авіязлучэння паміж дзвюма краінамі, калі сітуацыя з выдачай амерыканскіх віз не палепшыцца.
Так у расійскім знешнепалітычным ведамстве пракаментавалі рэзкае зніжэнне выдачы грамадзянам Расіі амерыканскіх віз. У пасольстве ЗША патлумачылі існуючую тэндэнцыю недахопам персаналу ў консульскіх установах, які ўзнік пасля высылкі 60 амерыканскіх дыпламатаў.
У МЗС Расіі назвалі становішча з выдачай амерыканскіх віз у Расіі «вельмі сумным». Па іх дадзеных, афіцыйны тэрмін чакання візавага сумоўя быў павялічаны Вашынгтонам з 85 да 250 дзён. Расійскія дыпламаты канстатавалі: звяртацца па візы ЗША становіцца бессэнсоўна.
Раней расійскія СМІ паведамлялі, што ЗША прыпынілі выдачу віз лётнаму складу расійскай авіякампаніі Аэрафлот, у тым ліку спынілі падаўжэнне ўжо адкрытых.