Разам з Букмекерскай канторай Марафон мы працягваем сачыць за чэмпіянатам Беларусі!
А ў ім ужо адбылася першая трэнерская адстаўка! У мінулую пятніцу «Шахцёр» упершыню саступіў дома «Слуцку», а Марэка Зуба за межы поля суправаджалі міліцыянты. Цягам доўгіх выходных паляк працягваў працаваць, даваў каментары ў СМІ і кіраваў камандай у спарынгу са «Славіяй» днём у сераду. Але нічыёй з камандай першай лігі босы «Шахцёра» ўжо не вытрымалі — вечарам таго ж дня было аб’яўлена, што Марэк Зуб пакідае клуб разам са спартовым дырэктарам Дзмітрыем Хахловым і ўсім трэнерскім штабам. Замена ўжо знойдзена — гэта расіянін Сяргей Ташуеў, які раней трэніраваў данецкі «Металург», «Анжы» і «Кубань».
Першая трэніроўка Ташуева ў якасці трэнера «Шахцёра». Фота: ФК «Шахцёр».
БАТЭ пачынае асвойвацца на вяршыні табліцы. У матчы з брэсцкім «Дынама» барысаўчане скарысталіся дзвюма памылкамі гульцоў «бела-сініх» і здабылі ўпэўненую перамогу. Трэцюю ў трох турах! Кампанію БАТЭ складаюць мінскае «Дынама», «Віцебск» і «Дняпро», у якіх на рахунку па сем ачкоў.
Першыя ачкі набралі «Смалявічы», згуляўшы ўнічыю з «Мінскам». Пераможцаў не выявілася таксама ў гульнях «Нёмана» і «Гомеля», хаця мы прагназавалі перамогі камандам з абласных цэнтраў. Наогул, зноў спраўдзіліся 5 з 8 нашых прагнозаў.
Зараз раскажам вам пра матчы наступнага тура.
- «Прамень» — «Слуцк»
- 21.04 / 14:00. Мінск, САК «Алімпійскі»
- Каэфіцыенты: «Прамень» (перамога) — 5.80, нічыя — 3.38, «Слуцк» (перамога) — 1.68
Першапачаткова гэты матч павінен быў адбыцца ў Слуцку, але клубы дамовіліся аб абмене, таму ў першым крузе каманды згуляюць на сінтэтыцы мінскага САК «Алімпійскі».
Такім чынам, мінчане згуляюць дома другі матч запар, і гэта неблагі зачын для першай перамогі «Праменя» ў вышэйшай лізе.
«Слуцк» жа перамог у Салігорску і саступаць намераў не мае. Але пасля вікторыі над адным з беларускіх грандаў важна не дапусціць недаацэнкі будучага суперніка.
Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.
- «Дынама-Мінск» — «Гомель»
- 21.04 / 16:00. Мінск, стадыён ФК «Мінск»
- Каэфіцыенты: «Дынама-Мінск» (перамога) — 1.35, нічыя — 4.50, «Гомель» (перамога) — 9.90
Пры жаданні мінчукі могуць зладзіць для сябе футбольны марафон — і пасля гульні на Сурганава завітаць на Маякоўскага, дзе «Дынама» прыме «Гомель».
«Бела-блакітныя» гуляюць вельмі эфектыўна як у абароне, так і ў атацы. У трох турах каманда Сяргея Гурэнкі прапусціла ўсяго аднойчы, а 4 з 12 удараў у створ аказаліся выніковымі.
У трэцім туры «Дынама» ўпэўнена перамагло ў Гарадзеі. Фота: ФК «Дынама-Мінск».
«Гомель» можа пазайдросціць не толькі эфектыўнасці сваіх супернікаў, а нават наяўнасці галоў. Гамельчукі пакуль адзіная каманда, якая не здолела забіць у чэмпіянаце.
Заўзятарам «Гомеля» можна толькі паспачуваць — верагоднасць прарыву ў гульні з прагматычным «Дынама» амаль што нулявая.
Прагноз «НН»: перамога «Дынама».
- «Тарпеда-БелАЗ» — «Мінск»
- 21.04 / 18:00. Жодзіна, стадыён «Тарпеда»
- Каэфіцыенты: «Тарпеда-БелАЗ» (перамога) — 1.56, нічыя — 3.56, «Мінск» (перамога) — 7.00
Пакуль жодзінцы — тыпова хатні калектыў. Адзіная перамога «Тарпеда-БелАЗ» адбылася ў Жодзіне, а з двух гасцявых матчаў каманда прывезла толькі 1 бал.
Кіраўніцтва «Мінска» на мінулым тыдні пабывала ў Італіі і дамовілася аб супрацоўніцтве з клубамі Серыі А «Кальяры» і «Аталантай». Магчыма, праз некаторы час мы зможам пабачыць італьянскіх гульцоў у складзе «гараджан», а пакуль назіраем «Мінск» каля самага дна табліцы з няяснымі перспектывамі.
Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда-БелАЗ».
- «Тарпеда-Мінск» — «Нёман»
- 22.04 / 14:00. Мінск, САК «Алімпійскі»
- Каэфіцыенты: «Тарпеда-Мінск» (перамога) — 3.44, нічыя — 2.92, «Нёман» (перамога) — 2.32
Абедзве каманды ў чэмпіянаце пакуль не саступалі. А «Нёман» — нават і не перамагаў, усе тры туры скончыўшы нічыёй. У сераду гродзенцы паспелі згуляць першы паўфінальны матч Кубка, дзе прайгралі БАТЭ з лікам 0:2. Да матча ў Мінску падначаленыя Ігара Кавалевіча павінны падысці звышматываванымі.
У «Тарпеда» атрымалася паспяховае вяртанне ў «вышку», і каманда Сяргея Кабельскага таксама прагне працягнуць сваю бяспройгрышную серыю. Але будзе вельмі няпроста.
Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.
- «Іслач» — «Гарадзея»
- 22.04 / 17:00. Мінск, стадыён ФК «Мінск»
- Каэфіцыенты: «Іслач» (перамога) — 2.00, нічыя — 3.26, «Гарадзея» (перамога) — 3.88
І зноў жа, для самых заўзятых футбольных аматараў ёсць магчымасць наведаць дзве гульні ў Мінску. Калі ў матчы на Сурганава можа вызначыцца каманда, якая ўпершыню саступіць у чэмпіянаце, то тут дылема наступная — і «Іслач», і «Гарадзея» пакуль не перамагалі.
У абарону «ваўкоў» можна дадаць, што тыя і не саступалі, а для «цукровых» ніякіх апраўданняў няма — 0 ачкоў і больш за ўсіх прапушчаных галоў.
Але Сяргей Яромка кажа, што ведае, як выправіць сітуацыю і што трэба крышачку патрываць. Паверым трэнеру «Гарадзеі» і паставім на іх!
Прагноз «НН»: «Гарадзея» не саступіць.
- «Дынама-Брэст» — «Смалявічы»
- 22.04 / 19:00. Брэст, ДАСК «Брэсцкі»
- Каэфіцыенты: «Дынама-Брэст» (перамога) — 1.29, нічыя — 5.20, «Смалявічы» (перамога) — 10.50
Пацяплела, падрасла траўка, і футбол вярнуўся на натуральны газон ДАСК «Брэсцкі». У сераду на паўфінальнай гульні Кубка «Дынама-Брэст» — «Дняпро» быў зафіксаваны рэкорд глядацкага інтарэсу — на футбол прыйшлі 7000 чалавек. Футбалісты не падвялі, перамаглі з лікам 2:0 і амаль гарантавалі сабе другі запар выхад у фінал.
Неверагодная атмасфера на футболе ў Брэсце. Фота Аляксея Камялькова.
Радасны настрой аматараў «бела-сініх» крыху сапсавала навіна аб 4-матчавай дыскваліфікацыі капітана каманды Аляксея Гаўрыловіча за наўмыснае нанясенне траўмы ў мінулай гульні супраць БАТЭ. Але «Дынама» рыхтуецца да апеляцыі і абароны свайго лідара.
Страта Гаўрыловіча не пахіснула фаварыцкага статусу брэстчан, тым больш у атаку вярнуўся Арцём Мілеўскі. Таму асаблівых праблем у гульні супраць «Смалявіч» паўстаць не павінна.
Прагноз «НН»: перамога «Дынама».
- «Дняпро» — «Шахцёр»
- 23.04 / 18:45. Магілёў, стадыён «Спартак»
- Каэфіцыенты: «Дняпро» (перамога) — 5.80, нічыя — 3.38, «Шахцёр» (перамога) — 1.68
У гэтым сезоне каманды ўжо сустракаліся — магілёўцы выбілі «Шахцёр» з Кубка Беларусі.
Аб рэваншы гаворкі не ідзе — тут «Шахцёру» наогул перамагчы б, хоць як. Ужо згаданая ператраска ў трэнерскім штабе псіхалагічна павінна дапамагчы камандзе.
У «Дняпра» таксама праблемы. Максім Чыж дыскваліфікаваны на 4 гульні, Павел Лоўгач — на 3. Калі апошні — гулец лаўкі, то страта Чыжа можа сур’ёзна адбіцца на гульні каманды.
Прагноз «НН»: «Шахцёр» не саступіць.
- «Віцебск» — БАТЭ
- 23.04 / 20:45. Віцебск, ЦСК «Віцебскі»
- Каэфіцыенты: «Віцебск» (перамога) — 6.60, нічыя — 3.44, БАТЭ (перамога) — 1.61
Самы смачны матч застаўся на дэсерт. Сустрэча лідараў і дзвюх самых выніковых каманд.
Адзіная праблема БАТЭ на сённяшні дзень — траўмы. У кубкавай гульні з «Нёманам» сур’ёзнае пашкоджанне атрымаў Аляксей Рыас, да гэтага выбылі Неманья Мілунавіч, Слабадан Сімавіч і Нікола Васільевіч.
У мінулым туры ўпершыню ў сезоне на полі з'явіўся Аляксандр Глеб. Таксама паўабаронца згуляў і ў Кубку супраць «Нёмана». Фота Волі Трафімовіч.
Задача «Віцебска» — скарыстацца кадравымі праблемамі барысаўчан. У мінулым годзе камандзе Сяргея Ясінскага ўдалося перамагчы дома, ці атрымаецца зараз?
Прагноз «НН»: БАТЭ не саступіць.
Зноў жа заклікаем вас хадзіць на стадыёны і заўзець за ўлюбёныя клубы. Іншых у нас няма. А каб прагляд футболу быў больш цікавым, раім зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!





