ТАСС
Некалькі хвілін таму ў ходзе пратэстнага шэсця ў ерэванскай абшчыне Эрэбуні быў затрыманы лідар апазіцыйнага руху Нікол Пашынян, перадае армянская служба Радыё Свабода.
У цяперашні час паліцыянты з ужываннем сілы затрымліваюць удзельнікаў руху.
Ад мінулага панядзелка ў Арменіі праходзяць акцыі пратэсту супраць абрання былога прэзідэнта Сержа Саргсяна прэм'ерам краіны. Саргсян быў прэзідэнтам Арменіі з 2008 года. Зараз згодна з канстытуцыяй галоўнай асобай у краіне будзе прэм'ер (г.зн. зноў Саргсян).
Сёння Серж Саргсян спыніў перамовы з Пашынянам, якія праходзілі ў гасцініцы «Марыёт».
Паводле яго слоў, апазіцыйная фракцыя «Елк», якую ўзначальвае Пашынян, набрала «7-8% галасоў і не мае права гаварыць ад імя народу». Саргсян адзначыў, што перамовы з апазіцыяй па факце з'яўляюцца «ўльтыматумам, шантажом дзяржавы і законных уладаў». Ён таксама параіў Пашыняну «вярнуцца ў законнае поле і межы лагічных дзеянняў».
«З намі ніхто не адважваецца гаварыць на мове пагроз. Вы не ўяўляеце сабе сітуацыю ў краіне, улада ў Арменіі перайшла ў рукі народа», — адказаў лідар фракцыі «Елк».
«Калі вы не прымаеце законных патрабаванняў дзяржавы, да пабачэння», - сказаў на заканчэнне Саргсян і пакінуў гасцініцу «Марыёт», дзе праходзілі перамовы.





