Пра гэта старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускага экзархату, протаіерэй Сяргей Лепін расказаў Свабодзе аб пазіцыі Беларускай праваслаўнай царквы ў пытанні аўтакефаліі ўкраінскай царквы.

— Мы зыходзім з таго, што ва Украінскай праваслаўнай царкве ёсьць кананічныя структуры Праваслаўнай царквы, якія цалкам маюць права прадстаўляць усю паўнату інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва Украіны. І па-за ініцыятывамі гэтых структураў усе спробы вырашэння пытання аб наданні аўтакефаліі антыпрадуктыўныя. Мы спадзяёмся, што сітуацыя ва Украіне будзе развівацца згодна з канонамі, а ўсім, хто мае тое ці іншае дачыненне да гэтай праблемы, Гасподзь дасьць мудрасці, цярпення і адказнасці.

— А ці лічыць Беларуская праваслаўная царква Канстанцінопаль сваёй мацярынскай царквой?

— Хутчэй бабуляй, бо Беларуская праваслаўная царква з'яўляецца часткай Рускай праваслаўнай царквы. А РПЦ калісьці нарадзілася з улоння царквы Канстанцінопальскага патрыярхата.

Зразумела, гісторыя і Кіеўскай мітраполіі ў прыватнасці, і РПЦ ўвогуле генетычна звязаныя з Канстанцінопальскай праваслаўнай царквой. У гэтым сэнсе яна мацярынская для нас.

Але РПЦ сёння — ужо «дарослая» памесная Царква, а не частка Канстанцінопальскай. У той час як Беларуская праваслаўная царква — частка РПЦ.

А ўсе разам мы разам — Адзіная Святая Саборная Апостальская Царква праваслаўных. І я спадзяюся на тое, што ніякія палітычныя супярэчлівасці, якія існуюць цяпер у свеце, ніяк не паўплываюць на добры стан нашых адносінаў, у тым ліку і літургічных.

— А магчымы такі варыянт, што і Беларуская праваслаўная царква таксама прыйдзе да аўтакефаліі?

— Я думаю, што сёння для актывізацыі пытання аб наданні аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царкве няма ніякіх падставаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?