У Бабруйску пенсіянерка пакінула на прыпынку торбу з усімі зберажэннямі — амаль 2 тысячамі даляраў у эквіваленце. Прапажу жанчыне вярнулі кантралёры тралейбуса — забралі торбу ў двух школьнікаў, якія гулялі ёю ў футбол, піша komkur.info.
Торба, якой гулялі хлопчыкі на прыпынку, была старой. Аднак кантралёры вырашылі праверыць, што ў ёй. Там былі акуляры, ключы, лекі, кавалак лівернай каўбасы і мужчынская шкарпэтка — з 2 тыс. рублёў у ёй. Яшчэ прыкладна такая ж сума была раскладзеная па некалькіх цэлафанавых пакетах.
Усяго ў сумачцы было 3778 рублёў, з іх дзве купюры па 10 рублёў былі ў кашальку. У ім жа кантралёры знайшлі дзве паперкі: на адной быў нумар паслугі з АРІП, на другой — нумар гарадскога тэлефона.
На найбліжэйшай пошце кантралёрам сказалі, што нядаўна па гэтым нумары паслугі з АРІП пажылая жанчына аплачвала камуналку. Патэлефанавалі па хатнім нумары, адказаў мужчына, які прадставіўся мужам унучкі ўладальніцы сумкі. Кантралёры перадалі яму, што торбу ўладальніцы аддадуць толькі ў прысутнасці міліцыі.
Так і зрабілі — пенсіянерка прыйшла з мужам унучкі. На пытанне міліцыянтаў пра тое, навошта пенсіянерка носіць усе грошы з сабой, тая сказала, што нікому не давярае.
Дарэчы, прапажу яна заўважыла толькі на парозе кватэры — не было чым адамкнуць дзверы, бо ключы засталіся ў торбе.