На мінулым тыдні з пасады дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме сышла Вераніка Дарожка, перадае TUT.BY. Гэтую пасаду яна займала з 2016 года.
Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY
Прычыну свайго сыходу з Нацагентства Вераніка Дарожка каментаваць адмовілася. Паведаміла толькі, што сышла па ўласным жаданні.
Гэта ж нам і пацвердзіў прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч.
— Ведаю толькі тое, што яна напісала заяву па ўласным жаданні. Зараз вядзецца падбор кандыдатур на пасаду дырэктара, іх некалькі чалавек.
Выконвае абавязкі дырэктара намеснік — Алена Ліхімовіч.
Вераніка Дарожка прыйшла на пасаду кіраўніка Нацагентства па турызме ў сакавіку 2016-га. Да гэтага яна працавала выканаўчым дырэктарам Іудзейскага рэлігійнага аб'яднання.
Праз некалькі дзён пасля звальнення Дарожка фатограф Віктар Малышчыц абвінаваціў Нацагентства ў выкарыстанні яго фота і відэа без дазволу. Ролік «Беларусь у абдымках зорак» Малышчыца, падпісаны нацагентствам, заняў 2-е месца ў конкурсе, праведзеным у рамках кангрэса «Індустрыя гасціннасці: тэрытарыяльны маркетынг і брэндынг» у 2017 годзе.