Ад 22 красавіка ў Столінскім ізалятары часовага ўтрымання знаходзіцца журналіст Зміцер Галко, які вяртаўся ў Беларусь з Украіны. Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску пракаментавалі для «НН» гэтую справу.

«Савецкім раённым аддзелам Следчага камітэта пачата крымінальная справа па абвінавачванні 38-гадовага мужчыны ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Гэты грамадзянін знаходзіўся ў вышуку і, па інфармацыі МУС, быў затрыманы. Пасля дастаўлення затрыманага ва ўстаноўленым парадку для правядзення следчых дзеянняў дадаткова будзе паведамлена пра працэсуальныя рашэнні па справе», — гаворыцца заяве.

Гэта значыць, што пакуль не вызначана, у якім статусе будзе знаходзіцца Галко: падазраванага ці абвінавачанага. Невядомая на гэты момант і мера стрымання.

Гісторыя пачалася летась у канцы лістапада, калі Ян Галко, непаўналетні сын Змітра, адзначаў свой дзень нараджэння. На святкаванні прысутнічаў і бацька. Паводле версіі міліцыі, у кватэры была гучная музыка, таму нехта выклікаў участковага. Калі ўчастковы з’явіўся, то ў яго нібыта адбылася сутычка са Змітром, у выніку якой у міліцыянта быў пабіты мабільнік.

Варта адзначыць, што на свяце ў непаўналетніх быў алкаголь. А потым удзельнікаў затрымлівалі амапаўцы. Адзін з падлеткаў уцякаў, скочыў з балкона, паламаў нагу.

Сам Галко казаў, што проста ўзяў міліцыянта за рукі, ніякай бойкі не было.

Праз нейкі час пасля таго інцыдэнта Галко з сынам з’ехаў ва Украіну, у Марыупаль, дзе жыве ягоная цяперашняя жонка. Сын ужо вярнуўся на радзіму, цяпер спрабаваў і бацька.

Зміцер Галко — беларускі журналіст і блогер, які супрацоўнічаў з многімі выданнямі. Запомніўся серыяй рэпартажаў пра вайну ва Украіне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру