Беларускія дзяржаўныя СМІ падалі інфармацыю пра сённяшнія падзеі ў Арменіі ў нейтральных колерах, праўда, далёка не галоўнай навіной.
Інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла пра адстаўку Саргсяна і адзначыла, што гэтая адстаўка адбылася на фоне масавых акцый пратэсту.
«Масавыя мітынгі пачаліся ў Ерэване і іншых гарадах Арменіі 16 красавіка ў сувязі з вылучэннем кандыдатуры экс-прэзідэнта краіны Сержа Саргсяна на пасаду прэм'ер-міністра, супраць чаго выступала апазіцыя. 17 красавіка парламент Арменіі выбраў Сержа Саргсяна прэм'ерам. Мітынгі працягнуліся. 22 красавіка паліцыя Арменіі заявіла пра рашэнне разагнаць акцыі апазіцыі ў Ерэване, калі яны не будуць спыненыя ва ўстаноўлены тэрмін»,
— паведаміла БелТА.
Таксама нейтральнай і стрыманай у ацэнках была «Советская Белоруссія». Газета нават працытавала Сержа Саргсяна:
«Нікол Пашынян меў рацыю. Я памыліўся. У сітуацыі, якая склалася, ёсць некалькі варыянтаў яе вырашэння, але на ніводны з іх я не пайду. Гэта не маё. Я пакідаю пасаду кіраўніка нашай краіны».
Стрыманым і нейтральным быў таксама тэлеканал «Беларусь-1».