У 1975 годзе японскія арнітолагі выявілі цікавую з'яву: у горадзе Сендай вароны падкідвалі пад машыны арэхі, каб раздушыць іх. Дагэтуль птушкі скідвалі арэхі з вышыні на камяні, паколькі не маглі іх раздрабніць дзюбай. Потым гэтая з'ява распаўсюдзілася і ў іншых японскіх гарадах.

Праз 20 год заолаг Ёшыакі Ніхэй падрабязней вывучыў паводзіны варон. Ён заўважыў, што птушкі чакаюць, пакуль на святлафоры загарыцца чырвонае святло, затым падыходзяць да машын, кладуць арэхі і адлятаюць у бок. Калі ўсе аўтамабілі раз'язджаюцца, вароны вяртаюцца па здабычу. Часам птушкі перасоўваюць арэхі на некалькі сантыметраў, калі тыя не трапляюць пад колы з першае спробы.

Фота: Jonas Adner/Getty

Фота: Jonas Adner/Getty

Чорныя вароны сустракаюцца не толькі ў Японіі — яны таксама жывуць і ў Еўропе. Аднак еўрапейскія птушкі так і не навучыліся выкарыстоўваць аўтамабілі для лускання арэхаў. Тым не менш, атрымліваць карысць ад суседства з еўрапейцамі навучыліся іншыя птушкі.

Раней фіксаваліся выпадкі, калі сініцы кралі малако ў людзей. Справа ў тым, што гэтыя птушкі не могуць пераварваць малако — у адрозненне ад млекакормячых, у іх адсутнічае фермент, неабходны для расшчаплення лактозы. А вось пласт вяршкоў на паверхні малака змяшчае зусім невялікую колькасць лактозы.

У канцы XIX і пачатку XX стагоддзя малочнікі заўсёды пакідалі адкрытыя бідоны з малаком ля дамоў раніцай. Гэтым карысталіся птушкі: яны пілі вяршкі з малака, пакуль людзі не заносілі яго ў дом. Аднак неўзабаве малочнікі пачалі зачыняць бідоны кардоннымі накрыўкамі. Гэта на некаторы час спыніла сініц, але ў 1921 годзе яны навучыліся выклёўваць дзіркі ў накрыўках.

Фота: imgur.com

Фота: imgur.com

Не дапамагла таксама змена кардонных накрывак на алюмініевыя: да 1930 году птушкі зразумелі, як пазбаўляцца і ад іх.

Тым не менш, праз некаторы час сініцы ўсё ж прайгралі гэтую бітву. Па-першае, кампаніі пачалі вырабляць абястлушчанае і гамагенізаванае малако, дзе не было вяршкоў. Па-другое, малако сталі прадаваць у крамах.

Даследаванні паказалі, што птушкі могуць перадаваць свой досвед іншым суродзічам. Прычым падчас эксперыменту, у якім сініцам трэба было выканаць пэўныя дзеянні, каб дабрацца да прысмаку, выявілася, што іншыя птушкі робяць гэта тым жа спосабам, што і іх «настаўнікі», якія першымі да гэта прыйшлі. 

У 2000 годзе на Барбадосе біёлагі ўпершыню заўважылі, як снегіры спрытна адкрывалі пакуначкі з цукрам, прызначаныя для людзей, і кралі вяршкі для кавы. Навукоўцы вырашылі даследаваць новую звычку птушак і параўнаць паводзіны лясных і гарадскіх снегіроў Бардбадоса. 

Для гэтага яны распрацавалі два віды скрынак з прысмакамі. Абедзве былі зроблены з празрыстага пластыку. Каб адкрыць першы тып скрынак, трэба было пацягнуць яе або зняць вечка. Каб справіцца з другім, птушкі мусілі выканаць абодва гэтыя дзеянні. Было задзейнічана 26 гарадскіх снегіроў і 27 лясных. Аказалася, што ўсе птушкі справіліся з першым тыпам скрынак, але гарадскія насельнікі вырашылі задачу ўдвая хутчэй. Больш складаную скрыню змаглі адкрыць толькі трынаццаць гарадскіх птушак і сем лясных.

Нядаўна іншыя група навукоўцаў параўнала 42 віды птушак на іх цярплівасць: вызначалася сярэдняя адлегласць, на якую чалавек можа падысці да птушкі, перш чым яна паляціць. Аказалася, гарадскія насельнікі практычна не баяцца людзей. Напрыклад, у горадзе да кавак (якія жывуць у гарадах прыкладна з 1880 года) чалавек можа наблізіцца на восем метраў. У сельскай жа мясцовасці да іх нельга падысці бліжэй, чым на 30 метраў.

Фота: Unsplash

Фота: Unsplash

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?