Ад ранку ў інтэрнэце быў запушчаны рэкламны ролік, які заклікаў прыходзіць улетку на «Хмяльноў-фэст». Гэта бясплатны музычны фэстываль, які арганізоўвае брэнд піва «Хмяльноў». Сёлета ён мае адбыцца на пляцоўцы ля стадыёна «Трактар».

Увагу блогераў звярнуў спіс удзельнікаў фестываля: «Любэ», «Крамбамбуля» і «Дразды». «Хэдлайнеры, якіх мы заслужылі», — жартавалі ў інтэрнэце.

«Любэ» — гэта папулярны расійскі гурт, які спяваў пра вайну ў Чачні, а таксама пра веліч Расіі. Лідар гурта Мікалай Растаргуеў называў украінцаў «злобнымі і замбаванымі», абвінавачваў у змове супраць Расіі.

Мы спыталіся ў Лявона Вольскага, ці сапраўды ён плануе выступаць разам з «Любэ»? «Мы нават песню пра «Камбата» можам разам», — спачатку шакуе Лявон Вольскі.

«Ну што вы гаворыце, які канцэрт разам з «Любэ»? Ну хіба гэта магчыма? Як з’явілася рэклама, гэтак і знікне. Ішлі размовы, што мы можам выступіць на «Хмяльнове», але пра «Любэ» даведаліся толькі сёння. Гэта немагчыма, каб мы разам выступалі», — сказаў «НН» Лявон Вольскі.

Музыка меў рацыю, праз нейкі час афішкі, дзе разам былі «Любэ» і «Крамбамбуля», сапраўды зніклі з інтэрнэта.

«Хмяльноў» — гэта ўласная гандлёвая марка «Еўраопта». Прэс-сакратар «Еўраопта» Ягор Хрусталёў патлумачыў «Нашай Ніве», што арганізацыяй фэсту займалася адно з рэкламных агенцтваў, якое праявіла залішнюю ўласную ініцыятыву. У кіраўніцтве «Хмяльнова» пра гэта не ведалі. Увогуле ў кампаніі хацелі правесці інтэрнэт-галасаванку, каго гледачы хочуць бачыць на фэсце.

«Можам дакладна сказаць, што ніякай дамовы па хэдлайнерах фэстываля пакуль няма. Гэта была ініцыятыва рэкламнага агенцтва», — сказаў Хрусталёў.

Хто ж урэшце выступіць на «Хмяльноў-фэсце», пакуль незразумела. Але падобна, што ад «Крамбамбулі» ніхто адмаўляцца не хоча.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру