Чаму спектакль здабыў назву «Талерантнасць»? Пінігін кажа, што выявіў у тэксце шмат праблем, звязаных з так званай еўрапейскай талерантнасцю. Калі людзі размаўляюць аб правах чалавека, пра высокае, а могуць паводзіць сябе, як звяры: забіваць, здзяйсняць тэракты і гэтак далей.

Мікалай Пінігін.

Мікалай Пінігін.

Як мы пісалі раней, у тэксце французскай аўтаркі яго зноў зачапіў гумар (да гэтага часу ў Купалаўскім ідзе яшчэ адна пастаноўка на матэрыяле Рэза пад назвай «ART»). «Рэза — цудоўны драматург, які добра разумее псіхалогію людзей і мае выдатнае пачуцце гумару. Я люблю прыводзіць цытату савецкага рэжысёра Георгія Таўстаногава: «Гумар — гэта крытэр праўды». Для мяне гэта сапраўды так. І Рэза цудоўна захоўвае раўнавагу паміж сур’ёзнымі рэчамі і гумарам», — тлумачыць сваю любоў да гэтага драматурга Пінігін.

Праблема так званай талерантнасці ці, правільней сказаць, яе адсутнасці малюецца на сцэне ў межах ідэальнай, сучаснай кватэры ў стылі хай-тэк. Тут жыве адукаваная і заможная сямейная пара Веранікі і Мішэля Валон. Іх сыну Бруно 11-гадовы Фердынанд Рэй выбіў палкай два зубы, што стала нагодай для сустрэчы і размовы з бацькамі Фердынанда. Валоны запрашаюць да сябе ў госці Рэй, каб зразумець, хто адказны за гэтую сітуацыю і як пакараць вінаватага.

Ролі ў спектаклі выконваюць Яўгенія Кульбачная, Вікторыя Чаўлытка, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Паўлаў, Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак, Алег Гарбуз, Сяргей Чуб, Кацярына Алейнікава, Павел Астравух, Максім Карасцялёў, Кацярына Яворская.

Ролі ў спектаклі выконваюць Яўгенія Кульбачная, Вікторыя Чаўлытка, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Паўлаў, Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак, Алег Гарбуз, Сяргей Чуб, Кацярына Алейнікава, Павел Астравух, Максім Карасцялёў, Кацярына Яворская.

Сцэнаграфія ў спектаклі — справа рук Руслана Вашкевіча. Касцюмы — Алены Ігрушы.

Сцэнаграфія ў спектаклі — справа рук Руслана Вашкевіча. Касцюмы — Алены Ігрушы.

Дыялог пачнаецца інтэлігентна: з кветкамі на стале, за фірмовай шарлоткай Веранікі і кавай. Але паступова градус агрэсіі і непаразумення павялічваецца. Вераніка не разумее, чаму бацькі Фердынанда не хочуць пакараць гэтага «дзікуна» па заслугах (добры ўрок будзе карысным яму для будучыні, лічыць яна). Рэі хочуць хутчэй з усім гэтым скончыць.

Першапачаткова пары граюць на двух франтах, але хутка кожны абасабляецца і вінаваціць ва ўсіх смяротных грахах адзін аднаго. Яны спрачаюцца, крычаць, страчваюць прытомнасць, плачуць, п'юць, валяюцца па падлозе… Спрэчка з нагоды бойкі хлопцаў выкрывае сур'ёзныя псіхалагічныя праблемы кожнага персанажа і зусім не здаровую атмасферу ў абедзвюх сем'ях.

Насамрэч, у нейкі момант уся гэта эмацыйная перапалка пачынае нагадваць фрагмент з тэлешоу «Дом-2». Уражанне абвастрае тое, што зверху над сцэнай у адным з кутоў ідзе трансляцыя навін. У другім жа транслюецца тое, што адбываецца на сцэне, толькі зверху. Гэтакі эфект схаванай камеры, і канфлікты хатнія побач з канфліктамі сусветнымі, як сімвал таго, што ад адных да другіх трэба не так і шмат крокаў.

«Гітлера ў свой час не прынялі ў Венскую акадэмію выяўленчых мастацтваў. Ён вельмі пакрыўдзіўся. А бы мог быць хоць бяздарным, але мастаком. Наш спектакль пра тое, што ў аснове любой моцнай падзеі, палітыкі, ляжыць маленькі чалавек з комплексамі, які вырашыў адпомсціць», — кажа Пінігін.

Заканчваецца спектакль досыць нечакана: гаспадарамі ў доме становяцца не знаёмыя нам французы, а мігранты-мусульмане. Такім чынам Пінігін паказвае яшчэ адну актуальную праблему: як Еўропа, разважаючы пра мультыкультуралізм і талерантнасць, сама можа стаць меншасцю у сваіх межах. Рэжысёр упэўнены: праблема аднойчы будзе тычыцца і нас, бо беларусы — частка Еўропы.

Не ведаю, чаму, але пасля пастаноўкі застаецца вострае адчуванне прапаганды. У стылі рускага і беларускага тэлебачання. Пра тое, што паглядзіце, як страшна «там».

З залы выходзіш менавіта з такімі эмоцыямі: паглядзела навіны на тэлебачанні пра парады ЛГБТ-супольнасці, канфлікты на Усходзе, мігранцкую палітыку… А навошта ўключала тэлевізар, не разумею.

Паведамляем, што, акрамя «Талерантнасці», у бліжэйшы час чакаюцца наступныя прэм'еры. 17—18 мая на камернай сцэне, нарэшце, пакажуць «Радзіва Прудок» па кнізе Андруся Горвата. У ліпені тэатр разам з піцерскай камандай выпусціць медыягісторыю «Сон у летнюю ноч» паводле Шэкспіра.

Ужо восенню рэжысёр Віталь Краўчанка прыступіць да п’есы Марціна Макдонаха «Каты», пастаноўку па якой хочуць выпусціць напрыканцы 2018 года. Пасля Зміцер Цішко зоймецца тэкстам беларускага драматурга Паўла Пражко «Ураджай», а Алена Ганум папрацуе з творам «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. Што тычыцца самога Пінігіна, то ў бліжэйшы час ён будзе ставіць Сяргея Пясецкага і яго «Яблычак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?