Кіраўнік незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч выступіў з заявай па выніках сёлетніх Дня Волі і Чарнобыльскага Шляху.

Статкевіч лічыць, што ўлады да апошняга разглядалі варыянт з правядзеннем рэферэндуму і нават не адмаўляюцца ад гэтай ідэі і цяпер, проста «перанеслі на больш далёкі тэрмін».

«Каб не дапусціць кансалідацыі пратэстнай большасці супраць «рэферэндуму», былі заблакаваны незалежныя ад рэжыма сайты, як «Хартыя». Пераследуюцца журналісты «Белсата». Змены ў закон аб СМІ закліканы ўзяць пад кантроль публікацыі і дыскусіі на форумах і ў сацыяльных сетках. Раней неяўная залежнасць часткі недзяржаўных СМІ ад улады, як паказаў іх удзел у кампаніі дыскрэдытацыі прыхільнікаў шэсця на Дзень Волі, зрабілася відавочнай», — лічыць палітык. Канкрэтныя СМІ ён не называе.

«Каб нейтралізаваць нацыянальна свядомы слой, улады пашырылі дазволенае яму грамадскае поле — дзейнасць па адраджэнні мовы, этнаграфічнай сімволікі і гісторыі БНР, больш не пераследуецца. Грамадству прэзентаваны новыя «антыпратэстныя» грамадскія лідары», — мабыць, гаворка пра арганізатараў Дня Волі, але зноў без канкрэтыкі.

«Юбілей БНР і «Чарнобыльскі Шлях» паказалі, што кіраўніцтва дэмакратычных партый, якія не ўвайшлі ў БНК, пайшло на ўмовы рэжыму, адмовілася ад пратэстных дзеянняў, наўпроставай крытыкі дыктатара і нават яго планаў на «рэферэндум». Такая палітычная «самакастрацыя» вядзе да захавання дыктатуры і не дазваляе лічыць гэтыя партыі сапраўднай палітычнай апазіцыяй», — гэта жорстка Статкевіч праходзіцца па апазіцыйных партыях.

«БНК аказаўся адзінай рэальнай апазіцыяй рэжыму і цэнтрам кансалідацыі пратэстнай большасці. Мы мусім канстатаваць, што наша аб'яднанне з імітацыйнай апазіцыяй, кіраўніцтва якой знаходзіцца пад негалосным уплывам улады, не будзе дапушчана рэжымам і таму немагчымае», — канстатуе Статкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?