Нават прадстаўнікі райвыканкама не здолелі пераканаць частку суседзяў даць згоду на пад'ёмнік. Паводле закона, для яго ўстаноўкі патрэбная згода 2/3 уласнікаў.

Шырокі розгалас у Беларусі набыла гомельская гісторыя — там, нагадаем, у адным доме не могуць паставіць пад'ёмнік для інваліда, бо суседзі амаль адзінагалосна супраць. 

Чытайце: «Людзі, апамятайцеся!» Нягледзячы на ўгаворы выканкама, суседзі не дазваляюць паставіць у пад'ездзе пад'ёмнік для інваліда

Аргументацыя іх уражвае: ад абсурдных «мне ўсё роўна, але я супраць», да хімерычных «а раптам бензін там разліюць?». 

«Наша Ніва» папрасіла практыкуючага псіхолага-экзістэнцыяліста Ганну Бобрыкаву паспрабаваць патлумачыць прыроду гэтага нежадання. 

Ганна Бобрыкава, фота ehu.lt.

Ганна Бобрыкава, фота ehu.lt.

«Страх перад нявызначанасцю і любымі зменамі як чыннікамі, якія ўносяць элемент хаосу ў звыклае, знаёмы кожнаму чалавеку», — мяркуе псіхолаг. 

«Калі мы звернемся да ўласнага досведу, то, пэўна, успомнім сітуацыі, у якіх неабходнасць асвойваць нешта нязвыклае выклікала глыбінны супраціў, хай нават карысць гэтага новага навыку не выклікала сумневаў. 

У дадзеным выпадку можна выказаць здагадку, што, з псіхалагічнага гледзішча, перакананне «безбар'ернае асяроддзе — гэта добра і правільна» і адчуванне «я не хачу нейкую дзіўную канструкцыю ў сваім пад'ездзе» могуць цалкам спалучацца ў адной свядомасці.

Пры гэтым, даверу да словаў чыноўнікаў таксама няма: сумны вопыт навучыў многіх з нас, што «яны зробяць, а разграбаць нам».

«І тады заканамерна, што людзі будуць баяцца рахункаў за электраэнергію і яшчэ нейкіх непрадбачаных праблем».

«З газетных тэкстаў гэта добра відаць: улады нешта тлумачаць і абяцаюць, але ім не вераць. Гэта сацыяльна-псіхалагічны аспект праблемы».

«Калі ж казаць пра нейкія глыбінныя псіхалагічныя механізмы, то сустрэча з любой «іншасцю» заўсёды выклікае вельмі шмат пачуццяў, прычым падзел на «яны» і «мы» можа праходзіць па любым водападзеле: ад асаблівасцяў апорна-рухальнай сістэмы да колькасці жылых метраў ва ўласнасці.

І тады першае пытанне жыхароў: «Чаму Андрэй не жыве ў кватэры ў іншым раёне?» можа тлумачыцца і жаданнем не сустракацца асабіста з доказам уласнай цялеснай уразлівасці перад жыццём і абставінамі, якія ляжаць па-за сферай нашага кантролю, так і нейкай «класавай нянавісцю», якая часам прымае цалкам пачварныя формы, калі кажуць пра надмерныя льготы і дапамогі для інвалідаў, шматдзетных сем'яў ды іншае» [у сям'і інваліда ёсць яшчэ адна кватэра, дзе жыве ягоная сястра — для многіх людзей на гомельскіх ускраінах другая кватэра гэта недасяжнае багацце].

«Мы тут можам толькі здагадвацца аб тым, якія матывы стаяць за паводзінамі кожнага ўдзельніка сходу. Не варта таксама ігнараваць факт ўплыву групы і механізмаў групавой канформнасці [канформнасць — знешняя згода пры ўнутранай нязгодзе]: калі я прагаласую «за», а потым нешта здарыцца (будзе шумець, «хтосьці запалку кіне», ці «які бензін разліюць»»), то гнеў жыхароў абрынецца на тых, хто падтрымаў праект».

«З пазіцыі «а нам тут яшчэ жыць» разважаюць многія і многія.

У падсумаванне хацелася б сказаць, што гэты прыклад закранае праблематыку, якая ляжыць у вобласці дастаткова сур'ёзных пераменаў у масавай свядомасці, а такія рэчы, як вядома, не адбываюцца хутка і бязбольна.

Імаверна, для таго, каб пытанне ўстаноўкі ў пад'ездзе пад'ёмніка выйшла з вобласці «хачу/не хачу» у вобласць «а як інакш?» павінна змяніцца пакаленне, а можа і не адно», — сказала Бобрыкава. 

Каб вырашыць праблему, лічыць яна, трэба гаварыць з кожным чалавекам паасобку і шукаць аргументы, якія перамогуць ягоныя матывы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?