Каля дзвюх тысяч удзельнікаў з дзясяткаў парафій Беларусі з'ехаліся ў Гродна на ІІІ усебеларускія дні каталіцкай моладзі Беларусі, перадае catholic.by. Дэвіз сустрэчы — «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай!».

Першую імшу 29 красавіка ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Яе канцэлебравалі беларускія біскупы на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Янам Сяргеем Гаекам.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што як прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі ён у чарговы раз пераканаўся, што Касцёл тут малады і дынамічны. «Папа і Касцёл верыць у вас. Дарагія маладыя сябры, Касцёл у Беларусі верыць у вас!» — падкрэсліў іерарх.

Згадваючы прыклад Марыі, якая была яшчэ зусім юнай, калі Бог даручыў Ёй важнае заданне, арцыбіскуп звярнуўся да моладзі: «Сёння гэта вы — поўныя сілы і энергіі. Выкарыстайце гэта, каб палепшыць свет, пачынаючы з вашага асяроддзя».

Вітаючы гасцей, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў усім удзельнікам, каб «дні, праведзеныя ў гістарычным горадзе Стэфана Баторыя, пазначаныя прысутнасцю св. Казіміра, былі перажытыя як найлепш — на хвалу Божую і для духоўнай карысці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0