«Наша Ніва» паведамляла, што гістарычны стэнд, прысвечаны ўраджэнцам вёскі Касута ў Вілейскім раёне зазнаў дзіўныя метамарфозы — нехта заклеіў словы «герой нацыянальнага супраціву» у абзацы пра Расціслава Лапіцкага. 22-гадовага хлопца савецкія карныя органы расстралялі за распаўсюд улётак з прапагандай незалежнай Беларусі.
Як паведамляюць чытачы, цяпер стэнд увогуле знік.
У чым справа?
«Нашай Ніве» на гэта пытанне адказала Ірына Супрановіч — старшыня Крывасельскага выканаўчага камітэта.
Так выглядаў стэнд
«У нас цяпер вядуцца работы па добраўпарадкаванні. І нехта быў ездзіў і сказаў, што стэнд падгнілы. Я паехала глянуць, і сапраўды — адзін бок згніўшы.
Таму мы яго самі і знялі, будзем перарабліваць тую стойку, цэментаваць, бо калі хлопцы той стэнд ставілі, то яны проста дрэвам у зямлю, без падмурка. А тут жа вада побач, зямля такая… Калі без цэменту, то за два гады і платы ў людзей ушчэнт гніюць.
Грошы ў нас ёсць — на цэмент і стойку хопіць, цягам месяца вернем», — сказала Супрановіч.
Але хто і чаму заклейваў абзац пра Лапіцкага?
«Хто клеіў, я не ведаю. Там было так, што нехта клеіў, а нехта адрываў. Можа, гэта і хуліганства, але да каго тут прымяняць адміністратыўны кодэкс?», — падсумавала Супрановіч.





