Журналісты «Белсата» ў сацыяльных сетках паведамілі, што на БТ знішчаныя архівы «Калыханак» — маўляў, фрагмент старога выпуску атрымалася знайсці ў прыватнай асобы, а не на канале. 

Мы звярнуліся па тлумачэнне непасрэдна да аўтараў такога сцверджання і на БТ.

Фрагмент старой, яшчэ чорна-белай «Калыханкі», на якой гадаваліся тысячы беларусаў

Фрагмент старой, яшчэ чорна-белай «Калыханкі», на якой гадаваліся тысячы беларусаў

У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі нас запэўнілі, што нічога не знішчана.

«Архіўныя запісы «Калыханкі» знаходзяцца на розных носьбітах, якія зараз алічбоўваюцца. А фонд папаўняецца новымі выпускамі ў фармаце HD», — сказала прэс-сакратар Святлана Смалонская. 

Адкуль жа ўзніклі такія чуткі? Гэта патлумачыў рэдактар белсатаўскай праграмы «Кожны з нас» Яўген Валошын. 

«Сапраўды, сцверджанне пра выдаленне архіваў было эмацыйным перабольшваннем.

Справа ў тым, што мы запрашалі на праграму людзей, якія ў свой час рабілі «Калыханку», былі яе «звярамі». І прагучалі дзікія гісторыі, што знішчаныя легендарныя лялькі: Цімошка, Буслік, воўк Вова. Іх проста выкінулі на сметнік, а не аддалі ў музей, напрыклад. Таксама мы спрабавалі атрымаць з архіваў запісы «Калыханак», але нічога не атрымалася, і я зрабіў няслушную выснову, што знішчаныя і архівы. Я ўжо звязаўся з дырэктарам дырэкцыі фондавых праграм «Белтэлерадыёкампаніі» Алай Вярэніч, яна запэўніла, што і «Калыханка», і «Запрашаем на вячоркі», і іншыя культавыя праграмы свайго часу не знішчаныя. Не ўсе яны алічбаваныя, магчыма, не ўсе выпускі захаваліся, але дакладна мэтанакіравана нічога не знішчалася. Таму калі каго пакрыўдзілі недакладнасцю, то выбачаемся і папраўляемся.

Што тычыцца знішчэння легендарных лялек з «Калыханкі» (Цімошкі, Бусліка, ваўка Вовы), то гэта інфармацыя дакладная і мае пацверджанні ад першакрыніц, якія заявілі пра гэта ў нашым эфіры. Іх напаткаў такі ж лёс, як і Дзеда-Барадзеда, якога работнікі БТ выкінулі на сметніцу і ніхто больш яго не бачыў», — сказаў нам Валошын. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?