Баскская групоўка ЭТА, якая амаль 60 гадоў змагалася за стварэнне асобнай баскскай дзяржавы, абвясціла аб самароспуску.
Сепаратысцкая арганізацыя ЭТА (Euskadi Ta Askatasuna — «Краіна баскаў і свабода») была заснавана ў 1959 годзе. На працягу дзесяцігоддзяў яна вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасць населеных баскамі зямель на стыку Іспаніі і Францыі.
У лісце, датаваным 16 красавіка і апублікаваным інтэрнэт-выданнем El Diario ў сераду, гаворыцца, што ЭТА «цалкам расфарміроўвае ўсе свае структуры» і спыняе любую палітычную актыўнасць.
У лісце ЭТА прызнае, што не змагла вырашыць палітычны канфлікт у Краіне баскаў, але падкрэслівае, што самароспуск групоўкі не азначае яго аўтаматычнага спынення.
За некалькі дзесяцігоддзяў ахвярамі групоўкі ЭТА сталі больш за 800 чалавек. Адным з першых быў забіты кіраўнік франкісцкай паліцыі Мелітон Мансанас, якога застрэлілі ў басконскім порце Сан-Себасцьян.
У студзені 2011 года ЭТА абвясціла пра адмову ад гвалту і пастаяннае перамір'е з урадамі Іспаніі і Францыі, але Мадрыд адмовіўся весці з ёй перамовы.





