Разам з Букмекерскай канторай Марафон мы працягваем сачыць за чэмпіянатам Беларусі!

А ў ім застаецца ўсё менш інтрыг. «Слуцк» здолеў першым у турніры забіць БАТЭ, але прапусціў тройчы і ўпершыню прайграў. Як і «Дняпро», які даволі нечакана саступіў «Прамяню» і падараваў таму гістарычную першую перамогу ў вышэйшай лізе. 

Таксама першыя вікторыі здабылі «Іслач» і «Шахцёр». Апошнія не без праблем абгулялі мінскае «Тарпеда» і ў рэшце рэшт парадавалі сваіх заўзятараў.

Паглядзім, што цікавага можа прынесці нам наступны тур.

«Слуцк» — «Смалявічы»

Слуцкія заўзятары нарэшце дачакаліся вяртання футболу на свой утульны стадыён. Здавалася б, «Смалявічы» — даволі камфортны супернік для матча-адкрыцця, але дэбютант «вышкі» у апошніх турах пачаў гуляць смела і вынікова.

Пакуль гэтага не хапае для першай перамогі, але, здаецца, яна не за гарамі.

Прагноз «НН»: тотал большы за 2,5 (каэфіцыент 2,35).

«Віцебск» — «Мінск»

У папярэднім туры абедзве каманды згулялі ўнічыю, хаця вялі па ходзе матча. «Віцебск» больш за 80 хвілін гульні са «Смалявічамі» гуляў удзесяцёх пасля выдалення брамніка Дзмітрыя Гушчанкі, які ў стылі кунг-фу сустрэў форварда супернікаў. 

Нягледзячы на гэта, віцябляне здолелі першым забіць, але захаваць перамогу не змаглі.

А «Мінск» забіў тройчы брэсцкаму «Дынама», мог забіваць яшчэ столькі ж, але ў выніку юныя падначаленыя Аляксандра Лухвіча задаволіліся нічыёй.

На дадзены момант «Віцебск» яшчэ з трыма камандамі дзеліць «бронзавы» радок турнірнай табліцы. «Мінск» — трэці з іншага канца з нулём у графе «перамогі». І наўрад ці здолее гэта памяняць у суботу.

Прагноз «НН»: перамога «Віцебска».

«Тарпеда-Мінск» — «Прамень»

«Тарпеда» пазіцыянуе гэтую гульню як матч-рэванш за паразу ў апошнім туры леташняй першай лігі.

11.11.17 «Прамень» святкуе перамогу над «Тарпеда» і чэмпіёнства ў першай лізе. Фота Ганны Занковіч.

Тады параза «Тарпеда» не дазволіла камандзе выйсці ў вышэйшую лігу па спартовых паказчыках. Толькі адмова «Крумкачам» у допуску да ліцэнзавання дала зялёнае святло «аўтазаводцам» на шляху да «вышкі».

Пакуль абедзве каманды выклікаюць даволі слабы глядацкі інтарэс. Але тыя, хто наведае ў суботу «Камвольшчык», павінны стаць сведкамі вельмі прынцыповага матча. У якім, пэўна, будзе мала галоў, але шмат барацьбы.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5 (каэфіцыент 1,40).

«Гарадзея» — «Гомель»

Сустрэча галоўных лузераў чэмпіянату на сённяшні дзень. Але «Гарадзея» хаця б перастала прайграваць пасля трох паразаў на старце, а вось з «Гомелем» наогул бяда. 

Да каманды з поўдня Беларусі ўжо прычапілася клішэ «самай панылай каманды чэмпіянату». Да трэнерскага штаба ўсё больш пытанняў, а ад каманды чакаюць усё менш і менш.

Прагноз «НН»: перамога «Гарадзеі».

«Дынама-Мінск» — «Шахцёр»

Нягледзячы на няўдалы старт у чэмпіянаце, не трэба спісваць «Шахцёр» з рахункаў. Тым больш пад кіраўніцтвам Сяргея Ташуева «гарнякі» нарэшце здолелі перамагчы.

Дзяніс Лапцеў прынёс «Шахцёру» першую перамогу ў «вышцы». Фота ФК «Шахцёр»

Мінскае «Дынама» — не самы ўдалы супернік для працягу пераможнай серыі. Мінчане, здаецца, таксама не вельмі задаволеныя, бо любая страта ачкоў яшчэ павялічыць адставанне ад БАТЭ. 

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5 (каэфіцыент 1.51).

«Тарпеда-БелАЗ» — «Дынама-Брэст»

2 мая «Дынама» аформіла другую запар пуцёўку ў фінал Кубка Беларусі. Калі ў гэтым турніры ў берасцейцаў усё як мае быць, то ў чэмпіянаце адзін з фаварытаў сезона захрас у сярэдзіне табліцы з адной перамогай пасля пяці тураў і адмоўнай розніцай забітых-прапушчаных.

Федэрацыя замяніла рэшту дыскваліфікацыі Аляксея Гаўрыловіча адтэрміноўкай, таму ўзламваць абарону «Дынама» прагматычнай камандзе Алега Кубарава будзе крыху цяжэй.

Прагноз «НН»: «Тарпеда-БелАЗ» не саступіць (каэфіцыент 1,43).

«Іслач» — «Нёман»

«Іслач» — адна з трох каманд бягучага чэмпіянату, якія дагэтуль не прайграюць. А ў папярэднім туры нават перамагла.

Фота: Ксенія Дзеравяга.

«Нёман» жа не змог нічога супрацьпаставіць ні мінскаму «Дынама» (0:2) у пятым туры, ні БАТЭ ў другім матчы паўфінала Кубка (0:0). Пакуль каманда Ігара Кавалевіча не выглядае прэтэндэнтам на верхнія радкі табліцы.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5 (каэфіцыент 1.40).

«Дняпро» — БАТЭ

Казка «Дняпро», здаецца, дасягнула фіналу.

Параза ад «Праменя» ў чэмпіянаце, потым 1:4 ад брэсцкага «Дынама» ў Кубку. На чарзе — гульня супраць БАТЭ і, з вялікай верагоднасцю, чарговая параза.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

Зноў заклікаем вас хадзіць на стадыёны і заўзець за ўлюбёныя клубы. Іншых у нас няма. А каб прагляд футболу быў больш цікавым, раім зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру