Май…

Дзяцінства я праводзіў у дзеда і бабы. Маёвае ў вёсцы адпраўлялі ў хатах — кожны год збіраліся ў іншай. Адпраўленне маёвага ў сваім доме было бласлаўленнем, людзі адмыслова рабілі рамонт у вялікім пакоі, упрыгожвалі яго як маглі. Па-іншаму быць не магло — ўся вёска на працягу цэлага месяца збіралася ў цябе на малітву. Было гэта так.

Вечар. Сутонне. З поля гоняць кароваў. Кожная ідзе на свой падворак. Гаспадары хуценька аходжваюцца, пераапранаюцца ў што лепшае і спяшаюцца на маёвае. Уся вёска без выключэння. Мы з хлопцамі і дзяўчатамі знаходзім цішэйшы кут і для сябе. Хата гамоніць, нехта пытаецца: «Ну што, усе?» — «Фэлькавых яшчэ няма», — адказваюць. Хутка даходзяць і апошнія. «W imię Ojca, i Syna, i Ducha świętego…»

Гаспадыня дому вядзе малітву. Рэдка хто з малых, стомленых гуляннямі, не засынае пад манатоннае «zmiłuj się nad nami». Пасля літаніі вёска яшчэ спявае некалькі песняў. Малітва заканчваецца ўжо пасля захаду, і вёска разыходзіцца па хатах па прыцемку. Заўтра чарговы дзень працы.

Сёння ў вёсцы ўжо амаль нікога не засталося. Зусім старэнькія, жыхары Скелдыч адпраўляюць маёвае па хатах. Але ўспаміны, як заўсёды, такія цёплыя. Ва ўрбанізаванай Беларусі гэта традыцыя адыходзіць у нябыт. Заўсёды марыў, каб з суседзямі збірацца пад мясцовым крыжом. Трэба ўзяцца за справу. Май жа.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру