104-гадовы геабатанік і эколаг Дэвід Гудал, найстарэйшы вучоны Аўстраліі, збіраецца завяршыць жыццё з дапамогай швейцарскіх дактароў 10 мая, паведамляе CNN.
У навукоўца няма цяжкіх захворванняў, але з узростам якасць яго жыцця пагоршылася настолькі, што на свой апошні дзень нараджэння ён пажадаў памерці і расказаў, які ён няшчасны.
«Я хачу памерці. Гэта не сумна. Сумна, калі камусьці не даюць гэтага зрабіць», — сказаў ён.
Эўтаназія ў Аўстраліі будзе дазволена з чэрвеня 2019 года, але працэдура будзе даступная толькі невылечна хворым людзям з чаканай працягласцю жыцця менш за паўгода.
«Я не хачу ехаць у Швейцарыю, хоць гэта і добрая краіна, — падзяліўся Гудал. — Але я павінен зрабіць гэта, каб атрымаць магчымасць памерці, забароненую ў Аўстраліі. Мне вельмі крыўдна … мне 104 гады і ў мяне засталося не так шмат часу. Маё здароўе ўсё пагаршаецца, і гэта робіць мяне няшчасным».





