Начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч распавёў «Советской Белоруссіі», чаму адбылася сустрэча Наталлі Качанавай з галадаючымі жанчынамі, чыі дзеці асуджаныя за наркотыкі.
Нагадаем, жанчыны аб’явілі галадоўку 27 красавіка. Мэтай была сустрэча з Лукашэнкам і шэрагам чыноўнікаў ды сілавікоў. 2 мая жанчын запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта на сустрэчу з Наталляй Качанавай.
Аляксандр Ільясевіч. Фота — sb.by
«Я б хацеў адразу перасцерагчы ад няправільнага разумення перадумоў да гэтай сустрэчы. Ні галадоўкі, ні якія-небудзь іншыя акцыі не ўплывалі на рашэнне аб размове кіраўніка Адміністрацыі з прадстаўнікамі «Руху маці 328». Сустрэча — толькі працяг паслядоўнай і планамернай работы па ўдасканаленні антынаркатычнага заканадаўства ў краіне, якая праводзіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Як бы некаторым сілам ні хацелася палітызаваць гэты працэс, супрацьпаставіць адно аднаму дзяржаву і грамадства, на самай справе ніякай канфрантацыі тут няма і не павінна быць. Дзяржава аператыўна рэагуе на грамадскія запыты, каб сумесна з людзьмі скарэктаваць працу па супрацьдзеянні наркаманіі», — паведаміў Ільясевіч.
Ён прысутнічаў на сустрэчы 2 мая. Размова была вельмі няпростай і эмацыйнай, прызнаў чыноўнік.
«Але, на маю думку, размова паказала блізкасць поглядаў: мы аднолькава бачым праблемнае поле і чуем адзін аднаго. Іншая справа, што не на ўсе заяўленыя грамадзянамі пытанні можна адказаць адразу і беспаваротна, не разбіраючыся дасканала ў кожным канкрэтным выпадку. Так, напрыклад, у ходзе сустрэчы некаторыя ўдзельнікі патрабавалі неадкладнага перагляду судовых рашэнняў, па якіх асуджаныя іх сваякі», - распавёў Ільясевіч.
Таксама чыноўнік пацвердзіў — прыспеў час пераглядзець антынаркатычнае заканадаўства. Новы законапраект будзе ў максімальна магчымыя тэрміны перададзены ў парламент, падкрэсліў Ільясевіч.