«Спадчына» — пяты раман Алеся Аркуша, стваральніка Таварыства вольных літаратараў, літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда» і многіх іншых праектаў і ініцыятываў, піша радыё «Свабода».

Сам аўтар называе свае творы, напісаныя ў жанры прозы, малымі эўрапейскімі раманамі. Усе яны маюць дакумэнтальную аснову. Ня стаў выключэньнем і новы раман «Спадчына». Аўтар прысьвяціў яго сваім бацькам, якія нядаўна пайшлі з жыцьця.

Алесь Аркуш.

Раманы Аркуша лёгка пазнавальныя ня толькі сваім невялікім аб’ёмам. Сам аўтар вызначае свой стыль «лапікавым» і параўноўвае са старымі вясковымі коўдрамі, якія сшываліся з розных і колерам, і відам матэрыі абрэзкаў тканіны. Свае тэксты Аркуш «сшывае» з мастацкіх, дакумэнтальных, эпісталярных, газэтных і іншых кавалачкаў. Прычым ён знарок пазьбягае лінейнага сюжэту, адной часавай прасторы і дакладнай прамалёўкі падзеяў і герояў. Маўляў, чытач сам павінен адказаць для сябе на галоўныя пытаньні твора (напрыклад, хто такія марсіяне ў рамане «Захоп Беларусі марсіянамі» або што за дзед прыходзіў таемна на сядзібу ў рамане «Сядзіба»). Слушныя адказы могуць мець шматварыянтнасьць.

У рамане «Спадчына» Аркуш працягвае свае развагі, якія ідуць праз усе яго ранейшыя кнігі, над такой дэфініцыяй як «дом». Чым ён быў у дзяцінстве, чым стаў у дарослым жыцьці, чаму дом сёньня амаль не перадаецца ў спадчыну?

Іван Шагойка, архіўнае фота.

Сярод галоўных герояў рамана ня толькі бацькі і сваякі аўтара, але і таемная, легендарная асоба Смалявіцкага раёну — Іван Шагойка. Гэта той геніяльны майстар фальшывых дакумэнтаў, які за часамі Другой сусьветнай вайны ўладкаваў на нямецкае забесьпячэньне партызанскі атрад «Сьмерць фашызму». Шагойка падрабляў прадуктовыя накладныя захопнікаў, а партызаны, стварыўшы адмысловую групу зь веданьнем нямецкай мовы, атрымлівалі харчы на складах ворага.

Пасьля вайны Шагойка працягваў займацца гэтым рамяством і многіх выратаваў сваімі даведкамі ад ГУЛАГу, перасьледу або беспрасьветнай галадоўлі. Шагойка нават пачаў маляваць фальшывыя чырвонцы і раздаваў людзям, пакуль яго не злавілі і самога не запраторылі ў лягер.

Сярод тых, каму дапамог Шагойка, была і сям’я дзеда па кудзелі Алеся Аркуша.

Пошукі сьлядоў Шагойкі — гэта адна зь сюжэтных ліній рамана «Спадчына», якая трымае ўвесь твор у цікаўным напружаньні. У канцы твора ўзьнікае пытаньне, на якое павінен адказаць чытач самастойна: дык якую ж спадчыну пакінуў землякам Іван Шагойка?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру