У кіеўскім кнайп-клюбе «Купідон» адбылася чарговая імпрэза ўкраінска-беларускага сяброўства, творчы вечар вядомых літаратараў — беларуса Андрэя Хадановіча і ўкраінца Аляксандра Ірванца, які фактычна ёсьць галоўным рухавіком ва Ўкраіне па прасоўваньні беларускай літаратуры, піша радыё «Свабода».

Сам ён працуе ў розных жанрах — драматургіі, прозе, паэзіі. Ягоныя творы перакладаліся на 10 моў, у тым ліку і на беларускую. І менавіта празь ягоныя пераклады на ўкраінскую мову ва Ўкраіне ведаюць і любяць беларускіх аўтараў.

Творчасьць беларускага паэта Андрэя Хадановіча стартавала ва Ўкраіне — менавіта тут у 2002 годзе выйшаў ягоны першы зборнік «Лісты з-пад коўдры» у перакладзе на ўкраінскую мову. І толькі праз два гады гэтая кніга выйшла на мове арыгіналу ў незалежным беларускім выдавецтве.

«Мы розныя і падобныя»

Заля ледзьве ўмясьціла ўсіх жадаючых сустрэцца з двума яскравымі літаратарамі. Вершы, гумар, сьпевы пад гітару і дзьве мовы перапляталіся настолькі арганічна, што часам здавалася гучыць адна мова, зразумелая для ўсіх. Андрэй Хадановіч суправаджаў свае беларускамоўныя творы камэнтарамі па-украінску, а Аляксандар Ірванец — па-беларуску. І аўдыторыя ня стрымлівалася ў эмоцыях — сьмех і аплядысмэнты ці ня кожную хвіліну выбухалі ў зале. Дзьве гадзіны літаратурных чытаньняў праляцелі як імгненьне.

Наведнікі імпрэзы.

Наведнікі імпрэзы.

«Беларуская і ўкраінская аўдыторыі аднолькава зычлівыя і пазытыўныя, але ўкраінскі слухач больш адкрыты. Беларус можа сьмяяцца, але так, унутры сябе, можа заплакаць і таксама ўнутры сябе. Украінцы менш стрымліваюць свае эмоцыі. Было вельмі выбухова і мне гэтая рэакцыя падабаецца. У Беларусі аднойчы пасьля дьзвюхгадзіннага чытаньня да мяне падышоў чалавек, які ўсю вечарыну сядзеў з каменным тварам, і сказаў: «Шчыры вам дзякуй, так было фантастычна сьмешна!», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі са Свабодай Андрэй Хадановіч.

Аляксандар Ірванец дадае: «Беларусы — інтравэрты. Для мяне беларусы — гэта ўсходнеславянскія немцы. Напрыклад, украінец ня любіць свайго начальніка, а беларус любіць, хоча, каб яго пахваліў начальнік. Але гэта мэнтальнасьць. Беларусы блізкія, але не такія».

Украінскі літаратар кажа, што цяпер ва Ўкраіне павялічваецца інтарэс да Беларусі. «Я выкладаю ва ўнівэрсытэце «Астроская акадэмія» ў Ровенскай вобласьці, мае студэнты вучаць беларускую мову. Самі вучаць. Я ім прывожу кніжкі беларускіх аўтараў — Хадановіча, Арлова, а яны вучаць». Аляксандар Ірванец дадае, што ў ягонай цікаўнасьці да беларускай літаратуры не апошнім фактарам была магчымасьць у савецкі час чытаць часопіс «Вожык» і глядзець Беларускае тэлебачаньне, якія тады распаўсюджваліся ў палескім рэгіёне Ўкраіны, адкуль ён і паходзіць.

Паэзія — як якаснае віно

Украінская журналістка Валянціна Раманенка, якая даўно цікавіцца беларускай мовай і літаратурай ды на асобнай паліцы ў сябе дома зьбірае кніжкі беларускіх аўтараў, стараецца наведваць усе творчыя імпрэзы Андрэя Хадановіча ў Кіеве.

Андрэй Хадановіч падпісвае свае кнігі для Валянціны Раманенкі.

Андрэй Хадановіч падпісвае свае кнігі для Валянціны Раманенкі.

«Я ведаю і люблю творчасьць некалькіх беларускіх паэтаў, але да Хадановіча ў мяне асаблівы піетэт. Гэта любоў зь першага пачутага вершу. І мне крыху дзіўна, калі ён ветліва перакладае аўдыторыі некаторыя словы: «водар», «твар»… На маю думку, кожны інтэлігентны ўкраінец павінен разумець беларускую мову без перадумоў. Кожнае выступленьне Андрэя ў Кіеве — асобнае задавальненьне. Калі б Хадановіча можна было б зь нечым параўнаць, то хіба з дарагім вытрыманым любімым віном — быццам знаёмы смак, але кожны раз адкрываеш нейкія новыя ноткі. І, паспрабаваўшы аднойчы, разумееш, што не адмовісься ад яго ніколі», — кажа Валянціна Раманенка.

Польскі студэнт на беларуска-украінскай творчай вечарыне.

Польскі студэнт на беларуска-украінскай творчай вечарыне.

Студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту Матэуш на беларуска-украінскую паэтычную імпрэзу трапіў выпадкова — іхная група прыехала ў Кіеў на вакацыі разам з выкладчыкам, беларусам паводле паходжаньня, які і параіў наведаць гэтую творчую вечарыну. Цяпер для яго ўкраінская і беларуская паэзія асацыюецца са словам «якасьць», незалежна ад мовы, на якой чыталіся творы.

«Проста прыемна глядзець. Гэта мая першая сустрэча з літаратурай на беларускай мове і першая магчымасьць бачыць у параўнаньні беларускую і ўкраінскую мовы. Даволі цікава. Я вывучаю расейскую і ўкраінскую мовы, і пакуль не ўяўляю трэцяга моўнага шляху, але, напэўна, скірую больш увагі. Усяму свой час. Беларусь пакуль мне ўяўляецца белай плямай на мапе, але падобна, што варта зацікавіцца больш. Ёсьць шмат чаго адкрываць,» — кажа Матэуш.

Анархія ва Ўкраіне vs стэрыльнасьць у Беларусі

Свае творчыя вечарыны Андрэй Хадановіч праводзіць ня толькі ў Кіеве. Ён быў ў Роўне, Львове, Харкаве, а сёньня ўжо будзе ў Тэрнопалі, дзе возьме ўдзел у паэтычным маратоне, што ладзіцца ў межах мастацкага фэстывалю «Ї».

«Ва Ўкраіне ёсьць большая свабода, няма гэтай цэнзуры, і найгоршай яе разнавіднасьці — самацэнзуры ў аўтараў. Ва Ўкраіне часам ёсьць нейкая такая анархічная жылка, якая буяе. І я хацеў бы такой анархіі, а не беларускай дысцыпліны ды стэрыльнай і прылізанай чысьціні ва ўсіх праявах жыцьця.

Ва Ўкраіне ёсьць свой кніжны рынак, свая сетка незалежных кнігарняў, абойма клясных аўтараў, якіх выдаюць і робяць нешта для іх прамоцыі. Гэтаму мы можам па беламу зайздросьціць, гэтаму мы можам вучыцца, але не паўтараць памылак і вучыцца на ўдачах. Колькі б трагічных рэчаў ні адбывалася ва Ўкраіне, украінцы прайшлі пэўную кропку невяртаньня. Украіна ўжо не тэрыторыя пуцінскіх уплываў. Пра Беларусь, на жаль, я гэтага сказаць не магу. Магу толькі пазайздросьціць украінскім калегам і чамусьці ў іх павучыцца,» — распавядае Андрэй Хадановіч.

На думку ж Аляксандра Ірванца, украінскія ўлады ў пляне культуры мала чым адрозьніваюцца ад беларускіх, і магчымасьці інтэграваць існуючыя творчыя сувязі ў міждзяржаўныя дачыненьні — мінімальныя.

«Так, з аднаго боку, у нас ёсьць такі анархізм, і ўлада наша таксама ня вельмі культурная, але яна ня так перашкаджае, як у Беларусі. Я са свайго боку заўсёды прэфэрую Беларусь, бачу шмат добрага, і калі прыяжджаю туды, то распавядаю аб гэтым беларусам, якія гэтага ня бачаць, бо ў іх вока замыленае.

А як інтэграваць? Украінская дзяржава абыякавая да пісьменьнікаў, а беларуская… У мяне такія сябры, зь якімі беларуская дзяржава працаваць не захоча. Для мяне важная культура, і я не зьбіраюся рэклямаваць дзяржаву Беларусь. Я ведаю, што такая дзяржава ёсьць, прэзыдэнта ведаю. Але для мяне галоўнае — беларуская літаратура, якую я люблю. Я яе чытаю, перакладаю, трымаю руку на пульсе», — падкрэсьліў украінскі літаратар.

Выступае Аляксандар Ірванец — галоўны рухавік прамоцыі беларускіх аўтараў ва Ўкраіне

Такія разважаньні ўвасобленыя і ў творчасьці Аляксандра Ірванца. У 2009 годзе ён напісаў лірычную паэму, прысьвечаную Беларусі, якая паўстае ў вобразе сьпячай князёўны, да якой скача рыцар з герба Пагоня. Твор прасякнуты ўзьнёсласьцю і патэтыкай, але мае іранічныя ўкрапленьні, што тычацца ўладных рэаліяў.

Паэма «Беларусь» — прызнаньне Аляксандра Ірванца ў каханьні, але не дзяржаве, а таленавітым беларусам, прозьвішчы якіх у паэме ён нават згадвае.

«У мяне шмат любімых беларускіх літаратараў. У прозе Арлоў і Караткевіч, а ў паэзіі — можа Хадановіч, а можа Максім Багдановіч. Мне 57 гадоў і я, як мінімум 42 гады, сур’ёзна займаюся паэзіяй, і я ведаю, што беларуская паэзія добрая», — дадаў Аляксандар Ірванец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0