Дзмітрый Удод. Фота з сацсетак
Справа аб гібелі салдата знаходзіцца ў актыўнай стадыі расследавання.
«Намі ўжо вызначаны механізм гэтага няшчаснага выпадку, што адбыўся з ім. Мы гэта кваліфікуем як няшчасны выпадак, але вінаватыя асобы вызначаны, яны будуць прыцягнутыя да адказнасці», — адзначыў старшыня Следчага камітэта.
Дзмітрый Удод загінуў 4 красавіка ў ходзе планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы. Як паведамляла Міністэрства абароны, «вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж БМП, былі парушаныя меры бяспекі падчас дзеянняў пры ўзбраенні баявых машын. У выніку адзін з членаў экіпажа, старшы механік-кіроўца БМП радавы Удод Дзмітрый Мікалаевіч, атрымаў агнястрэльнае раненне, несумяшчальнае з жыццём».
«На жаль, але часам парушэнне тэхнікі бяспекі прыводзіць да такіх трагічных выпадкаў. Я думаю, што мы абавязкова праінфармуем грамадскасць, калі будзе прад'яўленае абвінавачанне», — сказаў Іван Наскевіч.
Раней маці загінулага салдата Аляксандра Коржыча паведамляла, што радавы Удод праходзіў сведкам па справе яе сына. Кіраўнік СК гэта абвергае:
«Гэта няпраўда», — пракаментаваў ён.