Некаторыя расійскія СМІ працягваюць абурацца праз тое, што грошы расійскага бізнэсу ў Беларусі часам ідуць не на прапаганду ідэй «рускага свету», а на падтрымку культурных ініцыятыў і СМІ, якія расійскія чарнасоценцы называюць «русафобскімі».
Спачатку чарнасоценцы звярнулі ўвагу на тое, што большую частку грошай на беларускамоўнае выданне кніг Святланы Алексіевіч даў «Белгазпромбанк», які на 99,82% з'яўляецца расійскім. Расійскае выданне EurAsia Daily пайшло яшчэ далей, і назвала галоўныя «русафобскія праекты» ў Беларусі, якія існуюць на расійскія грошы.
У першую чаргу чарнасоценцы звяртаюць увагу на беларускія СМІ з расійскім капіталам, такія як «Белгазета», «КП у Беларусі», «Аргументы і Факты ў Беларусі», дзе
«ў апошнія некалькі гадоў усё часцей сталі публікавацца цалкам адкрытыя выпады супраць Расіі і яе палітыкі».
EurAsia Daily звярнула ўвагу і на дзейнасць некаторых беларускіх выдавецтваў, якія былі створаны з удзелам расійскага капіталу, але выдаюць
«адкрыта нацыяналістычную літаратуру русафобскага характару».
Асобна чарнасоценцы прайшліся па беларускім прадстаўніцтве расійскага агенцтва «Спутнік». Гэта СМІ крытыкуюць за тое, што яно нібыта дае трыбуну «русафобам» (напрыклад, Сяргею Міхалку і Арсенію Сівіцкаму).
«У той жа час, на сайце «Спутніка» практычна не распавядаецца пра дзейнасць арганізацый расійскіх суайчыннікаў, там не публікуецца аналітыка незалежных прарасійскіх экспертаў, і гэтак далей. Партал фактычна адразу стаў не толькі чарговым рупарам беларускай дзяржаўнай прапаганды, але і яе апанентаў, якія мараць пра «беларусізацыю»»,
— абураецца EurAsia Daily.
Выданне сцвярджае, што большасць расійскіх СМІ ў Беларусі ўдзельнічае ў прасоўванні ідэй «мясцовых русафобаў». Чарнасоценцы палохаюць, што «русафобія» ў Беларусі будзе працягваць набіраць абароты. Сярод прычын EurAsia Daily называе:
1. абсалютную бяздзейнасць расійскага пасольства ў Беларусі;
2. адсутнасць у Беларусі прарасійскага лобі;
3. прамое або ўскоснае фінансаванне з боку Расіі прадстаўнікоў антырасійскі настроенай часткі грамадства.