На расійскім шавіністычным партале eadaily.com з'явіўся артыкул, у якім расказваецца, як Пуцін зможа застацца ва ўладзе пасля 2024 года. Для гэтага яму неабходна стварыць на базе так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі новую дзяржаву пад назвай «Расійскі саюз», у складзе якой будзе і Беларусь. І кіраваць гэтай новай дзяржавай, вядома, будзе Пуцін. Гэтае меркаванне можна было б лічыць фантазіяй расійскіх чарнасоценцаў, калі б не адзін цікавы факт — пра гэты ж магчымы сцэнар казаў і галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў, які падтрымлівае цесныя адносіны з прэс-сакратаром Пуціна Дзмітрыем Пясковым.

Кірыл Авяр'янаў-Мінскі лічыць, што Пуцін ніяк не зможа пакінуць сваю пасаду — інакш яго чакае лёс Слабадана Мілошавіча. Але што рабіць з Канстытуцыяй Расіі, якая дазваляе балатавацца не больш чым на 2 тэрміны запар? Кандыдат юрыдычных навук Авяр'янаў-Мінскі не бачыць тут праблемы і цытуе верш:

Широки натуры русские,
Нашей правды идеал 
Не влезает в формы узкие
Юридических начал…

Авяр'янаў-Мінскі прапануе ў 2024 годзе прыняць канстытуцыйны акт так званай «саюзнай дзяржавы», стварыць дзяржаўнае ўтварэнне пад назвай «Расійскі саюз», кіраўніком якога стане Пуцін. 

На думку Авяр'янава-Мінскага, Лукашэнка нічога з гэтым зрабіць не зможа, бо Беларусь эканамічна залежыць ад Расіі, а «сваім хлопцам» Лукашэнка на Захадзе не стане ніколі.

«Так што для захавання «крыштальнага сасуда» цэлым яго неабходна паставіць на паліцу Расійскага саюза, куды рука Вашынгтона не дацягнецца», — не стрымлівае сваіх намераў шавініст.

На думку чарнасоценца, «уз'яднанне Беларусі і Расіі» падыме рэйтынг Пуціна яшчэ вышэй, чым анэксія Крыма ў 2014 годзе.

Але Авяр'янаў-Мінскі папярэджвае, што Расіі неабходна дзейнічаць хутка:

«У Беларусі ў апошнія гады актыўна фармуецца новая нацыянальная ідэнтычнасць, у аснове якой ляжыць проціпастаўленне беларусаў астатнім рускім. Гэтыя працэсы зайшлі ў Беларусі даволі далёка, і калі ў агляднай будучыні не інкарпараваць Беларусь у супольную з Масквой палітычную і культурную прастору, то мы рызыкуем страціць нашу Белую Русь назаўжды».

Цікава, што пра падобны сцэнар не так даўно казаў галоўны рэдактар радыё «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў, які з'яўляецца сябрам прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.

Аляксей Венядзіктаў.

— Нават фармальна, нават паўфармальна, але ніхто не перашкаджае: яе [Канстытуцыю] змяніць або пабудаваць якую-небудзь надбудову ў выглядзе саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Прызначыць Лукашэнку паслом у Зімбабвэ. І там, груба кажучы, новая дзяржава — новыя тэрміны. Ну чаму не? Вось што перашкаджае? Дзе вы бачыце перашкоду для гэтага? Я, напрыклад, не бачу…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру