У школьніцы Насці Гаўрыленка паднялася тэмпература да 39, затым дзяўчынка стала кашляць, скардзіцца на боль у грудзях. Як сцвярджаюць яе бацькі, за гэты час ніхто з санаторыя «Пціч» з імі не звязаўся, не паставіў у вядомасць пра хваробу Насці, а позна ўвечары 2 мая пачуўся званок з лякарні Петрыкава: «Дзяўчынка памерла». Падрабязнасці трагедыі з'явіліся на TUT.BY.

Фота: старонка Насці ў «Аднакласніках»

Размова пра тое, як Насця Гаўрыленка з Брагіна апынулася ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Пціч», яе маме даецца з цяжкасцю. Жанчына часта плача, з-за стрэсу блытае дні, а пасля таго, як даведалася, што дачка памерла, кажа, у памяці правал: «Далей нічога не памятаю».

— Зараз у нашай Брагінскай сярэдняй школе ідзе рамонт, мяняюць вокны. Горад рыхтуюць да «Дажынак», усюды ўсё рамантуюць. І дырэктар прапанаваў: каб дзеці не дыхалі пылам, давайце вывезем іх у санаторый. Я не хацела адпускаць Насцю, прасіла, умольвала: «Дачушка, не едзь!», але яе туды цягнула: маўляў, усе аднакласнікі едуць, — распавядае TUT.BY Надзея Гаўрыленка.

20 красавіка дзеці з'ехалі за 150 кіламетраў ад дома ў санаторый «Пціч», змена павінна была працягнуцца да 14 траўня. Насця адразу па прыездзе патэлефанавала дадому, сказала маме, што ёй усё падабаецца, хоць санаторый «не такі прыгожы, як у інтэрнэце».

— 26 красавіка бліжэй да вечара патэлефанавала дачка: «Матуля, у мяне тэмпература 39, схадзіла да медсястры, яна дала таблетку». На наступны дзень ужо з'явіўся кашаль, Насці далі сіроп. Гэта значыць, дзіця ўвесь час хадзіла з пакоя ў пакой само. Гэта ўжо потым у санаторыі патлумачылі: лазарэт разлічаны на 6 чалавек — і ён быў перапоўнены, хворыя дзеці ляжалі разам са здаровымі, — працягвае распавядаць Надзея Гаўрыленка. — Тэмпература збівалася да 37,6, потым зноў падымалася да 39. Пазней дачцэ стала лепш, яна выходзіла на вуліцу, а праз некаторы час стан пагоршыўся, Насця скардзілася на млоснасць, болі ў грудзях. Ёй далі «дзве чорненькі і адну жоўтую таблетачку», як я зразумела, актываваны вугаль і яшчэ нешта. Увесь час прасіла Насцю даць трубку медсястры, каб сама магла з ёй перагаварыць, але дачка баялася. Стала шукаць тэлефоны санаторыя, датэлефанавацца не магла. Але чаму са мной ніхто сам не звязаўся? Не сказаў, што Насця захварэла і якія прэпараты ёй даюць?

Раніцай 2 мая Насця апошні раз размаўляла з мамай.

— Яна сказала: «Мамачка, мне дрэнна, забяры мяне дадому!», я ўжо выязджала ў санаторый. Трывогу забіла напярэдадні гэтай размовы, паведаміла школе, што забіраю дзіця, — уздыхае Надзея. — Яшчэ 1 траўня з 10 да 12 вечара мы гаварылі з Насцяй па тэлефоне — як мне здалося, за гэты час, за дзве гадзіны размовы, да яе ў пакой ніхто не зайшоў.

«Мы робім усё магчымае, кансультуемся з мінскімі лекарамі»

Калі мама школьніцы ехала забіраць яе з санаторыя, пачуўся званок медсястры: яна паведаміла, што дзяўчынцы зрабілі прамыванне страўніка, у яе ўпаў ціск, у санаторый едзе хуткая. Сям'я развярнула машыну ў бок Петрыкаўскай раённай бальніцы. Насця ляжала ў рэанімацыі.

— Я не ўсведамляла, што адбываецца. Таму, калі выйшаў лекар з аддзялення, папрасіла аддаць мне дачку: «Ваш дзіця не транспартабельнае». Здымкі паказалі: у сэрцы Насці нейкая вадкасць, павялічана шчытападобная залоза і адна нырка. Як? Мы ж усе раней правяралі, ніякіх праблем не было. Лекары з Петрыкава, кажуць, тэлефанавалі ў бальніцы Гомеля, хацелі адправіць Насцю туды, — кажа Надзея, мама Насці Гаўрыленка.

Па словах лекараў, Насця ў рэанімацыі была яшчэ ў свядомасці, размаўляла, але ў той дзень, 2 мая, бацькі не змаглі ўбачыць дачку — староннім уваход у аддзяленне забаронены. Надзея Гаўрыленка паехала ў санаторый забраць рэчы Насці, а ў 22.00 з Гомеля ў Петрыкаў павінны былі прыехаць лекары.

— А 10-й вечара патэлефанавала ў бальніцу, там адказалі: «Мы робім усё магчымае, дзіця ўвялі ў сон, кансультуемся з мінскімі лекарамі, знайшлі найлепшыя прэпараты». За цэлы дзень не змаглі вывезці дзіця ў Гомель, а тут за 10 хвілін у Петрыкаве знайшлі найлепшыя прэпараты? А 12-й ночы пачуўся званок: «Ваша дзіця памерла ў 23.40, прыпыненне сэрца», — Надзея пачынае плакаць наўзрыд і прызнаецца, што больш нічога не памятае.

Далей усімі пытаннямі займаўся яе муж Аляксандр. Як распавядае мужчына, ён з першых хвілін дамагаўся таго, каб ускрыцце было не ў Петрыкаве — каб цела дачкі накіравалі на судова-медыцынскую экспертызу ў Гомель ці Мазыр. У выніку экспертыза 4 мая прайшла ў Гомелі.

— У дакументах пазначана: прычына смерці высвятляецца, заключэнне будзе гатова на працягу месяца. У петрыкаўскай бальніцы казалі, папярэдне, што гэта інфекцыйнае захворванне, якое канкрэтна — яны не змаглі вызначыць. Хвароба дала ўскладненне на ўвесь арганізм, таму і нырка, і шчытападобная залоза былі павялічаныя, — робіць здагадку Аляксандр Гаўрыленка. — 5 траўня мы пахавалі дачку. На маю думку, супрацоўнікі санаторыя праявілі службовую халатнасць. Што тычыцца петрыкаўскіх лекараў, меркаваць пакуль не буду, мы чакаем заключэння экспертаў. Яно і пакажа, ці зрабілі яны ўсё, што было неабходна, ці не. Магчыма, доўга раіліся. Ці можна было Насцю адправіць на Гомель, пакуль яна яшчэ была ў свядомасці? Чаму гомельская брыгада так доўга дабіралася да Петрыкава? Ці магчыма было задзейнічаць верталёт?

«Выпадак узяты на асабісты кантроль міністра аховы здароўя»

У бацькоў Насці цяпер занадта шмат пытанняў без адказу.

— Я распавяла пра сваё гора, каб гэта больш ні з кім не паўтарылася і каб вінаватыя былі пакараныя. Пасля смерці Насці бацькі іншых дзяцей паехалі ў санаторый і забралі іх дадому, — кажа Надзея Гаўрыленка.

У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Пціч» ад каментароў з нагоды таго, што адбылося, адмовіліся.

Дырэктар Брагінскай сярэдняй школы Святлана Шкурко ў гутарцы з TUT.BY пацвердзіла інфармацыю, што цяпер у школе ідзе «запланаваны рамонт за кошт бюджэтных сродкаў».

— На бацькоўскім сходзе я прапанавала бацькам 5—7-х класаў такі варыянт (паездка ў санаторый. — Заўвага. TUT.BY), калі іх гэта задаволіць, нікога не прымушала, становішча не нагнятала. Хто хацеў, той паехаў, — каментуе Святлана Шкурко. — Адзін раз на год нашы дзеці выязджаюць на аздараўленне. Санаторый «Пціч» вельмі папулярны сярод дзяцей, мы заўсёды смела адпраўлялі туды школьнікаў, нашы выхавальнікі былі задаволеныя арганізацыяй адпачынку ў гэтым санаторыі.

— Міністэрства аховы здароўя выказвае спачуванне сям'і памерлай дзяўчынкі, гэты выпадак узяты на асабісты кантроль міністра, — каментуе TUT.BY Юлія Барадун, прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя. — 3 і 4 мая камісія ведамства працавала на месцы здарэння ў Петрыкаве. Вынікі экспертызы будуць гатовыя пазней.

Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці праводзіць праверку па факце смерці 11-гадовай Насці Гаўрыленкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру