Гэтая кніга апынулася ў мяне раней, чым я даведалася, што гэта кніга — легенда. Напісала дзяўчына з фэйсбучнай стужкі: «Беларускамоўная гімназія здае ў макулатуру спісаныя з бібліятэкі старыя беларускія кнігі, сын-школьнік уратаваў адну, бо выглядала яна незвычайна, але мы бібліятэкі не збіраем, мо вам патрэбная?» Мы сустрэліся ў горадзе, і я павезла дамоў прыгожы том: Янка Купала, «Спадчына». Валошкі з калоссем на мяккай вокладцы, 500 зжаўцелых старонак, чатыры прадмовы на чатырох мовах: нямецкай, французскай, іспанскай, беларускай.

Потым даведалася: была яшчэ адна прадмова, па-ангельску, але гэтыя лісты з маёй кнігі былі вырваныя. Шляхетны партрэт Янкі Купалы. Сярод апошніх старонак — гэты кранальны асобны ліст, які раней укладалі ў прыстойныя выданні: «Заўважаныя памылкі друку». Сёння памылак друку ў выданнях пабольшала, але ніхто ўжо не ўкладае ў кнігі такіх лістоў.

Распытаўшы дасведчаных людзей, даведалася: да мяне трапіла легенда эмігранцкага друку, укладзены Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і выдадзены ў 1955 годзе ў Мюнхене том выбраных твораў Янкі Купалы.

Чаму — легенда? Адказ на гэтае — і не толькі гэтае — пытанне дае чарговае выданне з серыі «Спадчына: агледзіны» пад зарыфмаванай з серыяй назвай «Як укладалі «Спадчыну», падрыхтаванае і пракаментаванае Наталляй Гардзіенка і Лявонам Юрэвічам, якое днямі выйшла ў Мінску.

«Як укладалі «Спадчыну» — кніга, шырэйшая за тую мэту, якую ставілі перад сабой даследчыкі. Акрамя асноўнага сюжэта — драматычная праца эмігранцкай дыяспары над укладаннем і бесцэнзурным (бо несавецкім) выданнем найлепшых твораў беларускага песняра — я чытаю ў ёй яшчэ адзін сюжэт.

Беларуская навука багатая на людзей, якія бяруць на сябе працу цэлых акадэмічных інстытутаў і сам-адзін рыхтуюць грунтоўныя, шматвымерныя выданні: Янка Саламевіч, Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан, Леанід Маракоў — кожны з згаданых вучоных пакінуў па сабе неверагодную па якасці спадчыну. Беларусу, можа стацца, прасцей працаваць аднаму — бо калектыўная творчасць вымагае спецыфічных адносін паміж суаўтарамі, кранае балючыя кропкі творчых амбіцый удзельнікаў, непазбежна нараджае канфлікты. «Спадчына» рыхтавалася і выдавалася дыяспарай, і, хаця галоўную скрыпку ў гэтай партытуры граў Вітаўт Тумаш, усё ж выданне стала вынікам сумеснай працы чытачоў, якія захавалі ў няпростым эмігранцкім лёсе зборнікі Купалавых вершаў, добраахвотнікаў, якія перадрукоўвалі гэтыя вершы і звяралі тэксты, укладальніка, які здолеў даць сапраўды поўнае ўяўленне пра геній стваральніка новай беларускай літаратуры — прытым што савецкія, падцэнзурныя выданні пачварна скажалі і самога Купалу, і ягоную творчасць, а таксама выдаўцоў, тых, хто ў вельмі няпростых варунках здолеў зрабіць выданне «Спадчыны» — падзеяй і легендай.

Як гэта было: сумесная праца, якая вымагала сяброўства заклятых ворагаў, дыпламатыі разарваных адносін, перамоў непрамоўленага? Што яднала беларусаў, раскіданых па свеце, абцяжараных няпростым эмігранцкім бытам, небагатых, занятых штодзённаю фізічнай працай «дзеля заробку» — што яднала іх так, каб яны сапраўды разам зрабілі няпростую справу? Ці можа сёння нешта з’яднаць усіх нас — людзей навукі і мастацтва, раз’яднаных звычайнымі беларускімі «раз’яднанасцямі»? Кнігу «Як укладалася «Спадчына» можна прачытаць і так — і гэта надзвычай захапляльнае і важнае чытанне.

Грунтоўная прадмова і пачатковы артыкул, у якім даецца «дыспазіцыя» беларускай дыяспары часоў нараджэння «Спадчыны», рыхтуе чытача да абодвух сюжэтаў: далікатна, але шчыра адлюстроўваюць укладальнікі няпростыя адносіны паміж дзеячамі эміграцыі, перад якімі паўстала задача выдання твораў Купалы. Асноўны корпус кнігі — ліставанне тых, хто спрычыніўся да выдання «Спадчыны»: Вітаўта Тумаша, Янкі Станкевіча, Янкі Ліманоўскага і іншых, ліставанне напружанае, вельмі няпростае эмацыйна, незвычайна насычанае фактаграфічна. Перад намі паўстае не толькі кніга — але і час, у які яна стваралася.

Фіналяць выданне тры вершы Купалы — з тых, што надрукаваны ў «Спадчыне». Чытач, які не знойдзе сёння свайго тома, упрыгожанага каласамі і валошкамі, зможа ацаніць ступень «непадцэнзурнасці» зборніка і літаратуразнаўчы талент ягоных укладальнікаў і выдаўцоў. Гэта, канешне, зусім не той Купала, якога чыталі тым часам савецкія беларусы. 

Невядомы яшчэ беларускаму літаратуразнаўству жанр «кнігі пра кнігу» набыў у руках Наталлі Гардзіенка і Лявона Юрэвіча выразнае афармленне: кніга — гэта заўсёды прастора, час і людзі. Скрупулёзнае, ахайнае вывучэнне трох гэтых кантынуумаў дае на скрыжаванні тое самае «поле», у якім будзе жыць твор. Але ў выпадку са «Спадчынай» мы маем яшчэ адзін складнік жанру. Па-за ўсім гэтым — гісторыяй дыяспары, гісторыяй выдавецкага працэсу, гісторыяй адносін паміж удзельнікамі — паўстае вобраз галоўнага героя гісторыі, паэта, нацыянальнага генія, адной з самых трагічных фігур беларускай літаратуры — Янкі Купалы. «Як укладалі «Спадчыну» — гэта сюжэт і пра яго. Менавіта эмігранцкая літаратура, літаратуразнаўства эміграцыі магло даць гэты вобраз — вобраз нацыянальнага песняра, паэта, які найперш бараніў нацыю, права народа на самавызначэнне, той вобраз, які старанна выкрэсліваўся з літаратуразнаўства савецкага.

Але і мы, метрапалійныя беларусы, маем што дадаць да гісторыі мюнхенскага выдання «Спадчыны», ахайна і глыбока адноўленай нястомнымі рупліўцамі эмігранцкай беларушчыны Лявонам Юрэвічам і Наталляй Гардзіенка. Высвятляючы лёс сваёй кнігі, я трапіла на амаль дэтэктыўную гісторыю.

Расказвае паэт і журналіст, сузаснавальнік БелаПАНа Алесь Ліпай:

«Гэтую кнігу, хутчэй за ўсё, прывёз у краіну я, бо менавіта я спрычыніўся да перавозкі 99 адсоткаў кніг выдавецтва «Бацькаўшчына», якія апынуліся ў Беларусі.

Цікавая была гісторыя.

З 1988 года я быў карэспандэнтам радыё «Свабода» ў Беларусі — дарэчы, першым. Раз-два на год ездзіў у Мюнхен. Тагачасны свабодаўскі кіраўнік Юрка Сянькоўскі і супрацоўнік радыё Павел Урбан прапанавалі мне перавезці кнігі выдавецтва «Бацькаўшчына» ў Менск, бо эмігранцкія выданні, сярод якіх былі творы Багдановіча, Мрыя, легендарная «Спадчына» Купалы — выданні, як вы разумееце, безцэнзурныя, укладзеныя зусім па-іншаму, чым гэта было прынята ў БССР — гэтыя выданні былі для беларусаў недаступныя. На эміграцыі яны выдаваліся з вялікімі цяжкасцямі, на сродкі дыяспары, з цяжкасцямі і разыходзіліся, бо беларусаў размятала па ўсім свеце — колькі асобнікаў можна выслаць, прыкладам, у Аўстралію?

Перавезці кнігі я, вядома ж, пагадзіўся, але як? Пагутарыў са знаёмым, у якога была свая транспартная фірма. Падабралі маршрут, пралічылі, у якой фуры будзе месца для кніг. Я прыехаў у Мюнхен, некалькі дзён чакаў тую фуру. Нарэшце загрузіліся. Кіроўца, канешне, хваляваўся: лічы, кантрабандны тавар. Сядай, кажа, побач, калі што, адказваць будзеш ты.

І вось за дзесяць кіламетраў да мяжы здараецца нечаканае. Фура тая перавозіла нейкі станок: цяжкая металічная гаргара на дзвюх нагах, між якімі мы і нагрузілі кніжкі. Польскія дарогі на той час былі дрэннымі, станок туды-сюды скакаў, і нарэшце адна з ног правалілася скрозь падлогу, і ў тую дзірку сталі бачныя і кніжкі. А фура ж пад пломбай. Палезлі мы пад яе, палкай пачалі рассоўваць кніжкі, каб не было іх бачна.

Але ж прайшлі мяжу, даехалі да Менску. Разгрузіліся ў будынку БелаПАН, дарэчы, на тэрыторыі Дзяржзаба СССР, у Брылеўскім тупіку. Тады я напісаў артыкул у «Звяздзе»: раздаём бясплатна выданні беларускай эміграцыі школам і бібліятэкам. Ехалі да нас тады адусюль, з усёй Беларусі. Увесь тыраж забралі.

Мы спадзяваліся, канечне, што забіралі яго чытаць і вывучаць».

«Спадчына», якая папала да мяне праз сацыяльныя сеткі дзякуючы неабыякавым людзям, мела яшчэ адну асаблівасць.

Яна была неразрэзанай.

Амаль трыццаць год яна жыла ў школьнай бібліятэцы беларускамоўнай гімназіі сталіцы — неразрэзанай. Неразрэзанай мусіла й памерці ў макулатуры, даўшы жыццё іншым кнігам — хутчэй за ўсё, напісаным зусім на іншай мове.

«То сімвал твой, забыты краю родны», — хочацца працытаваць.

Але, сказаць па праўдзе, я вельмі шчаслівая, што гонар разрэзаць гэтыя старонкі і з хваляваннем перагартаць іх упершыню маю цяпер і я.

Ёсць кнігі, вартыя таго, каб хвалявацца, гартаючы іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?