4 мая Магілёўскі абласны суд агучыў вырак беларусу Івану Яравому. Той атрымаў 2 гады калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе.

Івану — 29 гадоў. Ён нарадзіўся ў расійскім Растове. Яго бацька расеец, але калі Іван яшчэ быў малы, бацькі развяліся, маці з сынам з’ехалі ў Беларусь. Жылі ў горадзе Круглае. Іван вучыўся ў прафесійна-тэхнічнай вучэльні, але яе не скончыў. Адслужыў у войску, пасля ездзіў на «шабашку» ў Расію. У 2014 годзе зноў паехаў на працу, але ў выніку аказаўся на Данбасе.

Там Яравы атрымаў пазыўны «Пушкін». Ваяваў у складзе казацкага палка ЯрГа, які месціцца ў горадзе Антрацыт.

Іван не цураўся журналістаў, актыўна посціў фота са зброяй у сацсетках. Казаў «Радыё Свабода», што лічыць сябе казакам.

Па словах Яравога, доўгі час на Данбасе ён фактычна не атрымліваў ніякіх грошай — быццам бы толькі два разы заплацілі яму па 1000 грыўняў (прыкладна $40). Але пасля падраздзяленні баявікоў сталі набываць выгляд рэгулярных частак. Баявікам выдалі «ваенныя білеты» «ДНР»-«ЛНР», яны сталі атрымліваць рэгулярны заробак. Шараговыя байцы цяпер мелі 15 тысяч расійскіх рублёў (каля $190), афіцэры — да 30 тысяч (каля $380).

«Цяпер і ў маім казацкім палку выдаюць ваенныя білеты, забеспячэнне. Зараз у нас фактычна кадравыя вайсковыя часткі. Цяпер мы не з мёртвых «укропаў» збіраем грыўні ці нешта там яшчэ. Цяпер у нас ёсць зарплата.

А то ж было і такое — ляжыць нейкае замерзлае цела, а мы з яго сцягвалі нешта… А што рабіць!», — прызнаваўся Іван.

Яравога затрымлівалі: у 2015 годзе ён правёў тыдзень у СІЗА ў Магілёве, але яго адпусцілі. Іван ізноў паехаў на Данбас.

У верасні 2016 года Яравы казаў, што вярнуўся ў Беларусь і ваяваць больш не плануе.

«15 жніўня я павесіў аўтамат на цвік, усё, — напісаў баявік карэспандэнту Радыё Свабода ў сацыяльнай сетцы. — Усіх прычын не скажу… Скажу адно: я сваё адбыў там. Будуць «укры» наступаць, вярнуся, а цяпер мне і тут нядрэнна, сабой займуся. Абрыдла ламаць, буду будаваць».

Праўда, у маі 2017 года Яравы-«Пушкін» быў затрыманы і асуджаны на год ЛПП, куды трапляюць людзі, якія маюць сталыя праблемы з алкаголем. Але Яравы не чакаў, пакуль прысуд уступіць у сілу і хуценька выехаў з Беларусі. Вярнуўся на Данбас, служыў у 7-й мотастралковай брыгадзе «ДНР».

Але пасля Яравы ізноў вярнуўся на радзіму — і быў затрыманы. Вынікам стала крымінальная справа і рэальны тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?