Алена Васілевіч, фота mk.by

Алена Васілевіч, фота mk.by

У дзяцінстве адной з маіх любімых кніг была тэтралогія Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся…», у аснову якой была пакладзена біяграфія самой аўтаркі. Мабыць, і многія іншыя з маёй фрэнд-стужкі, хто ў дзяцінстве чытаў беларускую літаратуру, ведаюць тую кніжку і памятаюць яе галоўных герояў. Храналагічна твор даведзены амаль да пачатку вайны, і я думаў, што аўтарка паставіла на гэтым кропку.

Але пару гадоў таму ў адным з ужо паслясавецкіх зборнікаў Васілевіч сустрэў невялікае апавяданне, дзе аўтарка апісвае адзін эпізод з жыцця той самай сям'і, які здарыўся ў гады вайны.

І гэтае апавяданне якраз сёння мне ўзгадалася, бо яно вельмі добра перадае беларускую трагедыю 1-й паловы ХХ стагоддзя - не жыццё нават, а пастаяннае выжыванне ў вечнай пагрозе з боку розных нялюдскіх уладаў. А асабліва падчас вайны, калі людзі ўвогуле апынуліся паміж молатам і кавадлам.

Апавяданне называецца «Групавы партрэт з Мамлакат Нахангавай», і ягоны асноўны сюжэт такі. Перад вайной у дзяўчыну Ганьку (прататып - сама аўтарка) закахаўся настаўнік мясцовай пачатковай школы, які добра валодаў пэндзлем і намаляваў каханай у падарунак карціну на папулярную тады тэму: партрэт Сталіна з сярэднеазіяцкай дзяўчынкай Мамлакат на руках (такія былі часы - такія і падарункі). Карціна вісела на сцяне ў хаце, нягледзячы на тое, што сям'я вельмі пацярпела ад камуністычнага рэжыму - гаспадар быў нават рэпрэсаваны. Каханне пасля прайшло - а карціна ўсё вісела. А як пачалася вайна, то цётка Іваніха хацела адразу ж спаліць «анцыхрыста», ды дачка ёй не дала гэтага зрабіць - не таму, што любіла Сталіна (якраз наадварот), а проста па сялянскай звычцы падумала, што мо калі той Ганьцы (яе стрыечнай сястры) яна яшчэ спатрэбіцца, то хай ляжыць. Ды і закінула кавалак фанеры, на якой было тое маляванне, на гарышча. І там гэты партрэт аднойчы неспадзявана апаролі немцы, якія праводзілі ў хаце «гаспадарчую аперацыю». Натуральна, з ходу зрабіўшы адпаведныя небяспечныя высновы. Далей цытую:

« - Паночкі! - першая загаласіла на ўсю камору цётка Іваніха, працягваючы рукі да маладога немца. - Дайце я спалю ў печы гэтага бандыта!

Немцы зразумелі толькі бандыта…

- Бандыт? - забіраючы ў малодшага з рук фанернага Сталіна і Мамлакат Нахангаву, грэбліва адвёў руку немец-начальнік.

- Бандыт, паночкі! Анцыхрыст! - Яны ўжо абедзве галасілі ў адзін голас - і цётка Іваніха, і мая сястра Саша.

- Шыссэн, матка! - немец-начальнік выразна паказаў на аўтамат, які вісеў у яго на грудзях.

Цётка Іваніха з гэтага незразумелага ёй звароту зразумела галоўнае: немец зараз іх пастраляе!

- А дачушка мая! А ўнучкі мае дарагія! Давайце ім хутчэй яечкі! Давайце малако - няхай п'юць!.. Пан, курку зловім зараз… Маладая курка, толькі пачала несці яечкі…

Цётка Іваніха, як магла, заступала сабой унукаў і дачку.

- Гэта ў нас дзяўчына жыла. Яна - студэнтка. Вучыцца далёка… На настаўніцу вучыцца. Дык гэта яе ўпадабаў таксама малады настаўнік і намаляваў ёй… - у Сашы не хапіла адвагі назваць Сталіна Сталіным. Ёй, як і цётцы Іванісе, зручней было зваць яго анцыхрыстам і бандытам… Мора слёз яна выліла, бездань пакут адпакутавала і сама яна, і ўся яе сям'я ад гэтага нелюдзя… А зараз праз яго ж і яе дзяцей, і яе маці, і яе самую пастраляюць ужо нелюдзі гэтыя…

Як і яна немца, гэтак і немец не зразумеў ні слова.

Але ўжо цётка Іваніха падавала яму ў рукі, наровячы забраць з іх Сталіна, слоікі з варэннем, а Саша працягвала міску з яйкамі і збан малака. […]

Старэйшы немец-начальнік шпурнуў Сталіна пад ногі і выцер аб яго боты. А потым грэбліва выцер насоўкай рукі і жэстам загадаў свайму падначаленаму імправізаваць сняданак на вольным паветры.

Са слоікамі варэння, з аціхлай курыцай, з міскай яек і гладышом малака немцы з сянец рушылі на двор…

Цётка Іваніха схапіла з падлогі Сталіна і кінулася ў хату. Кінулася зрабіць тое, чаго не зрабіла яна тады, калі загадвала дачцэ і тая не паслухала яе.

Печ яшчэ не прагарэла. Агонь імгненна накінуўся і прагна лізнуў жаданую здабычу. Неўзабаве ад яе не засталося ні знаку, ні следу.

Як і ад таго майго рызыкоўнага кахання…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?