Парламент Венгрыі пераабраў Віктара Орбана на пасаду кіраўніка ўрада. Выступаючы перад дэпутатамі, той заявіў, што эра ліберальнай дэмакратыі ў краіне завяршылася.

Выступаючы перад дэпутатамі, Орбан распавёў пра дасягненні свайго ўрада за папярэднія два тэрміны. «Мы замянілі ліберальную дэмакратыю, якая тоне, хрысціянскай дэмакратыяй XXI стагоддзя, якая гарантуе людзям свабоду і бяспеку», — сказаў ён.

«Наша дэмакратыя падтрымлівае традыцыйную сям'ю, асновай якой з'яўляюцца мужчына і жанчына. Яна стрымлівае праявы антысемітызму і дае надзею на будучы рост»,

— заявіў Орбан.

Каментуючы крытыку ў свой адрас з боку ЕС, прэм'ер заявіў, што яго краіна мае патрэбу ў ЕС, аднак і той мае патрэбу ў Венгрыі.

У Бруселі не раз крытыкавалі палітыку Орбана, які адмаўляецца прымаць бежанцаў згодна з распрацаванымі ў ЕС квотамі. У сувязі з гэтым у праекце бюджэту ЕС на 2021-2027 гады прадугледжана скарачэнне фінансавання Будапешта «за падрыў вяршэнства права». У сваю чаргу, міністр замежных спраў і гандлю Венгрыі Петэр Сільярта 9 мая выказаў незадаволенасць тым, што «Брусель больш турбуе лёс мігрантаў, чым становішча 150 тысяч венграў у Закарпацкай вобласці суседняй Украіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?