Бансаі
Было дастаткова вільготнасці лесу такому
І сонца хапала яго далікатным галінам.
Чыясьці рука па-над лісцямі, ледзьве рухома,
Нажніцамі вострымі кроны ірвала рупліва.
Магутнаму лесу было ўжо колькі стагоддзяў,
Але не было аніводнай звычайнае птушкі,
У зручнай і вартай яго безклапотнай прыродзе
Грыбоў не было, ні ваўнянкі і ні асавушкі…
Маўчалі, прыціскліва стоячы, дрэвы-стварэнні.
Іх нечыя пальцы бясконца, бясспынна кусалі.
Вось гэтак і людзі, якім абстрыгаюць карэнне,
захоўваюць памяць нязначных памераў бансаі.
Каментатарам інтэрнэт-прасторы
дрыгва гаворак, плётак, сварак
жыццём лякоча і квірчыць.
кагось ужо ўзялі за карак
і комельгам нясуць тапіць!
абстрэлы колкасцю і брудам,
смярдзючыя прысягі слоў,
непакаральнасць самасуду
неіснавальнасцю галоў.
крутня абразлівага гвалту,
жаданне неяк мацюкнуць…
у маёй кацвіне атраманту
нашмат прыемней патануць…
Дукат
Здаецца мне, што гэта будзе дзень,
заснежаны, аквітны, незлічоны,
калі па кумягах, як па вадзе,
прычаліць к ганку мой апошні човен.
І досвед зігавіцай прамільгне,
стралою Перуна б'ючы ў вочы.
Манету патрабуючы з мяне,
руку працягне сумны Перавозчык.
Падрахаваўшы свой жыццёвы плён,
з кішэні выцягну збруднелую ўнёску.
Куды ён адвязе мяне з рублём?
Ці нават прыме той атропак дросткі?
З-пад сэрдца вырву срэбраны дукат.
Ён захаваў і вынасіў стагоддзі.
Плыві, ладдзя, наперад у напад,
шляхі Літвы не любяць мелкаводдзе!
Нясі мяне без стромкіх амарок!
Хай гонар громам грукаціць у скроні!
Зусім не так, як мой адвітны крок,
А як мая апошняя пагоня.
* * *
Марына Каржова
студэнтка магістратуры Northeastern University/international relations/ conflict resolution, Boston. Родам з Краснай Слабады (Вызна) Салігорскага раёна. Вучылася ў мінскім педагагічным каледжы і ва Універсітэце культуры.





