Праваабаронцы-«вясноўцы» з'ездзілі ў вёску каля Смалявіч, каб шчыра паразмаўляць з вядомай праваабаронцай Таццянай Процькай пра тое, як яна прыйшла да абароны правоў чалавека, як быў заснаваны Беларускі Хельсінкскі камітэт, з якімі складанасцямі сутыкаліся праваабаронцы на пачатку 2000-х і вырашэннем якіх праблем займалася грамадзянская супольнасць у часы станаўлення незалежнай Беларусі.

«На кожным этапе жыцця галоўным было тое, што дыктаваў час»

— Вышэйшая адукацыя ў мяне — фізічны факультэт. Займалася радыяцыйнымі дэфектамі ў крэмню. І калі здарылася аварыя ў Чарнобылі, мне, як фізіку, была зразумела сітуацыя, чаму так зрабілася і чаму дзяржава закрывала гэтую катастрофу людзьмі, а не робатамі. Мне давялося працаваць з акадэмікам Міхаілам Эльяшэвічам. Нашыя сумесныя працы друкаваліся ў выбітных на тыя часы саюзных часопісах.

Перад тым як паступіць у аспірантуру ў Акадэмію навук у Інстытут філасофіі і права па філасофскіх праблемах прыродазнаўства, паўгода працавала на кафедры ядзернай фізікі ў Станіслава Шушкевіча. Тэма маёй кандыдацкай — «Змена структуры фізічных ведаў у працэсе іх развіцця».

Ужо кандыдатам філасофскіх навук мы з калегамі арганізавалі праграму «Развіццё навукі і культуры Беларусі да 1917 году». Па савецкай дактрыне лічылася, што Беларусь да 1917 году ўвогуле не існавала і тут была «цьмутаракань». Да даследавання далучыліся вядомыя беларускія навукоўцы, якія працавалі ў акадэміі. І ў выніку ў нас атрымалася, што ўсё ж такі ў Беларусі ў ранейшыя часы навуковая думка «квітнела пышным цветам», і толькі царызм прыгнятаў і не даваў арганізаваць вышэйшую навучальную ўстанову.

Але далейшае даследаванне гэтай тэмы залежала ад дазволу партыі. Так, рэдкалегію аднойчы выклікалі ў ЦК КПБ. Наша група даследчыкаў, якая складалася з акадэмікаў і навукоўцаў, моўчкі чакала вердыкт. Мне тады было вельмі непрыемна, што нейкі «партыйны функцыянер» такіх паважаных людзей габлюе, як дзяцей. І я падумала, што мне, як аспіранту, губляць няма чаго, і высказала гэтаму сакратару ўсё, што думала. Памятаю, ён стаяў тады моўчкі і павольна курыў у фортку. Мяне падтрымалі нашыя акадэмікі, бо ім ўжо сорамна стала. Тады калегі казалі мне: «Іншых трэба падганяць, каб працавалі, а цябе неабходна стрымліваць». Нам далі дазвол на далейшае даследаванне, і, больш за тое, мне дазволілі працаваць з архівам КДБ. А ў тыя часы гэта было амаль немагчыма! Але падчас гэтых прац я схуднела на 8 кілаграмаў…

Гэта быў мой першы значны сур’ёзны ўчынак на карысць беларускага грамадства.

Таму я не магу сказаць, што для мяне першаснае з жыццёвых інтарэсаў, бо на кожным этапе жыцця галоўным было тое, што дыктаваў час. Так і фізіка, і філасофія, і метадалогія, і праваабарона…

«Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін паабяцалі, што знойдуць фінансаванне»

— Калі скончыла аспірантуру, то па выніках працы ў Акадэміі напісала кнігу пра станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917—1941 гг.), але не магла знайсці фінансаванне на яе выданне: ніхто не хацеў друкаваць.

Таццяна Процька з сваёй кнігай «Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.)»

Таццяна Процька з сваёй кнігай «Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.)»

У самой кнізе пазначаецца:

«Кніга была скончана ў 1994 г. і, як належыць, прадстаўлена на абмеркаванне аддзела ў Інстытуце гісторыі. Мне прапанавалі палепшыць работу — напісаць пра ўсё добрае, што было ў міжваенны перыяд, пра магутную савецкую дзяржаву, якой ганарыліся, якую баяліся ворагі і якая перамагла фашызм… Але калі рукапіс у палепшаным варыянце быў прадстаўлены на абмеркаванне, вырашылі, што трэба яшчэ папрацаваць. Рэкамендацыя кнігі да друку і абарона доктарскай дысертацыі былі адкладзеныя на нявызначаны тэрмін».

І тады нашыя выдатныя пісьменнікі і грамадскія дзеячы Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін паабяцалі, што знойдуць фінансаванне на выданне кніжкі, калі я буду займацца праваабарончай дзейнасцю. Так я і вымушана была, можна сказаць, стаць праваабаронцай (смяецца).

Адразу я была не ўпэўнена ў юрыдычных пытаннях, уважліва прыслухоўвалася да юрыстаў, але за часы працы вывучыла ўсе асноўныя праваабарончыя дакументы. Пры гэтым усё роўна падыходзіла да праблем як навуковец: аналізавала, як можа працаваць той ці іншы дзяржаўны ці міжнародны інстытут, якія ў яго плюсы, якія мінусы, праглядала тэндэнцыі.

«Але пры рэгістрацыі арганізацыі нам сказалі: «Прад’явіце гэтую Дэкларацыю!»

Станаўленне і развіццё «Беларускага Хельсінкскага камітэта» ажыццяўлялася з актыўным удзелам яго першага кіраўніка Таццяны Процькі. Ідэя яго стварэння была агучана на адной з міжнародных канферэнцый з удзелам Беларусі ў маі 1995 г. Праз некаторы час спіс заснавальнікаў арганізацыі складаў ужо больш за 50 чалавек, сярод якіх такія сусветна вядомыя прозвішчы, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Павел Шарамет і іншыя. Таццяна Сяргееўна ўспамінае, з якімі складанасцямі сутыкнуліся стваральнікі Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі і Таццяна Процька на канферэнцыі ў маі 1995 г. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі і Таццяна Процька на канферэнцыі ў маі 1995 г. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

— На канферэнцыі Міжнародная Хельсінкская федэрацыя звярнулася да нас з прапановай арганізаваць праваабарончую арганізацыю, якая будзе інфармаваць міжнародную супольнасць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, весці маніторынг тых пазіцый, якія ўваходзяць у Хельсінкскія пагадненні і іншыя міжнародныя дамовы, падпісаныя Беларуссю. Тым самым мы мусілі аказваць уплыў на дзяржаву ўжо звонку, каб ішлі паляпшэнні ў бок дэмакратычных зменаў. Для рэгістрацыі рэспубліканскай арганізацыі павінна было быць не менш за 50 чалавек, большасць з якіх — рэгіёны.

Першы спіс ініцыятыўнай групы стваральнікаў БХК. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

Першы спіс ініцыятыўнай групы стваральнікаў БХК. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

«Хроснымі бацькамі» беларускага камітэта лічацца кіраўнікі Балгарскага Хельсінкскага камітэта. Яны даслалі нам статут сваёй арганізацыі, праўда, на балгарскай мове. Я яго пераклала, і мы зрабілі свой Статут. Потым яны дапамагалі нам уступіць у Міжнародную Хельсінкскую федэрацыю ў 1997 годзе.

Справа шла даволі хутка. Ужо ў кастрычніку 1995 году мы правялі агульны сход. Гэтым у большасці займалася я з дапамогай ПЭН-Цэнтра. У статуце пазначана, што мы базуемся на Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Але пры рэгістрацыі арганізацыі нам сказалі: «Прад’явіце гэтую дэкларацыю!» У Беларусі яе было складана знайсці. І я ўспомніла, што ў нейкай навуковай кніжцы, з якой я працавала як філосаф, у якасці прыкладу была пададзеная дэкларацыя. Мы скапіявалі яе проста з кніжкі. Гэта адзіная сур’ёзная праблема, з якой мы сутыкнуліся пры рэгістрацыі.

Прыкладная схема структуры БХК. Першым старшынёй Назіральнага Сойма быў абраны Васіль Быкаў. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

Прыкладная схема структуры БХК. Першым старшынёй Назіральнага Сойма быў абраны Васіль Быкаў. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

«БХК мы зарэгістравалі ў рэкордна кароткі тэрмін»

— Раней жа надрукаваць нейкую паперу было праблемай, бо ў 90-я мала ў каго былі машынкі для друкавання. Гэта зараз на камп'ютары можна хутка набраць тэкст. Пры рэгістрацыі, як правіла, узнікаюць пытанні па дакументах тэхнічнага характару. Прыемна было, што людзі, якія працавалі ў Міністэрстве юстыцыі, самі падыходзілі да нас і прапаноўвалі сваю дапамогу: «Давайце мы вам выправім недахопы і памылкі друку». БХК мы зарэгістравалі ў рэкордна кароткі тэрмін. Такой хуткасці па рэгістрацыі не было ні ў адной беларускай арганізацыі.

«За гэтыя 23 гады шмат чаго згубіла і дзяржава, і грамадзянская супольнасць»

— Людзі вельмі добра паставіліся да самой ідэі стварэння новай праваабарончай арганізацыі. БХК займаўся шматлікімі выпадкамі парушэння правоў чалавека. З’явіліся першыя грамадскія прыёмныя, якія працуюць дагэтуль. Тады яшчэ не было такога расчаравання — была надзея. За гэтыя 23 гады шмат чаго згубіла і дзяржава, і грамадзянская супольнасць. Канечне, цяпер людзі болей адукаваныя, больш ведаюць пра свет, але ў іх няма ўжо той надзеі, якая была раней. 

На канферэнцыі ў Мінску Таццяна Процька, старшыня ПЭН-Цэнтра Карлас Шэрман і фатограф Уладзімір Кармілкін. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

На канферэнцыі ў Мінску Таццяна Процька, старшыня ПЭН-Цэнтра Карлас Шэрман і фатограф Уладзімір Кармілкін. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

Крымінальная справа

Стварэнне і ўмацаванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі значна палепшыла разуменне правоў чалавека. Але ў 2000-х гадах адбыўся крызіс у яго ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі Беларусі, а ўжо ў 2004 годзе супраць Таццяны Сяргееўны, як старшыні праваабарончай арганізацыі БХК, і яе бухгалтаркі Таццяны Рудкевіч завялі крымінальную справу за нявыплату падаткаў.

— Напачатку дзейнасці БХК яшчэ была магчымасць паўплываць на ўладу, пакуль ідэя дыялогу ўлады і грамадзянскай супольнасці не была загублена і не сфарміравалася жорсткае супрацьстаянне паміж імі.

Першапачаткова дзяржава была бліжэй да грамадзянскай супольнасці. Можна было спакойна трапіць да міністра юстыцыі. Колькі я да яго хадзіла вырашаць нейкія пытанні! 

Зразумела, што ў нас аўтарытарная дзяржава. Але трэба знаходзіць шляхі да нармальнай дзейнасці ў такіх умовах. Ідзе дождж, і што ты будзеш — пляваць у неба? Не можаш паўплываць на змену надвор’я? Прыстасоўвайся! Бяры парасон і ідзі!

На семінары БХК у Віцебску Іосіф Навумчык, Вячаслаў Грыб, Таццяна Процька і Алег Гулак. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

На семінары БХК у Віцебску Іосіф Навумчык, Вячаслаў Грыб, Таццяна Процька і Алег Гулак. З прыватнага архіва Таццяны Процька.

У 2002—2005 гадах улада проста накрыла грамадзянскую супольнасць коканам, то бок перакрыла ўсе крыніцы фінансавання, а ў выніку выціснула з легальнага поля дзейнасці.

На той момант мы былі адзінай арганізацыяй, якая мела разліковы рахунак і легальнае фінансаванне. Але і па гэты дзень за гэта прыходзіцца адказваць…

— Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе супраць нас было спынена. Але, нягледзячы на гэта, у снежні 2004 года Прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда прыняў пастанову, згодна з якой мы ўсё ж такі павінны былі выплаціць падаткі і штраф у суме, эквівалентнай 75 000 долараў за грант, афіцыйна атрыманы ад Еўрасаюза ў рамках праграмы ТАСІС. Па міждзяржаўнай дамове мы нічога за яго не павінны былі плаціць. У БХК была канфіскавана офісная тэхніка, наш рахунак арыштавалі. І я апынулася наўпрост у падвешаным стане. Бо не сёння, дык заўтра маглі зноў завесці крымінальную справу. Я тады доўга абуралася ў судзе, а старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Віктару Камянкову публічна сказала, што гэтая ўся сітуацыя нагадвае 37-ы год, на што ён адказаў аднаскладова: «Вас не пасадзяць».

І насамрэч, гэтая справа заціхла, крымінальную справу не пачалі. Але час ад часу ўсё роўна яна дае аб сабе знаць. Так, напрыклад, нядаўна прыйшло пісьмо з падатковай Смалявіч, у якім мяне зноў запрашаюць на размову наконт «пазык» БХК.

«А прыцягвайце да адказнасці! Гэта будзе найлепшы вынік па нашым дакладзе па маніторынгу суду»

БХК з’яўляецца распачынальнікам шматлікіх праваабарончых кампаній, якія актыўна праводзяцца і па гэты дзень. Так, напрыклад, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ладзіцца цяпер кожныя выбары сумесна з ПЦ «Вясна». Але калі мы папрасілі Таццяну Сяргееўну ўспомніць перамогі ў сваёй праваабарончай дзейнасці, то чамусьці ёй ўзгадваецца ў першую чаргу тое, што не зроблена.

— Мы, напрыклад, ажыццяўлялі маніторынг умоў утрымання асуджаных калоній і турмаў. Наведвалі камеры, дзе змяшчаюцца людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, да пажыццёвага зняволення ў жодзінскай турме, вывучалі іх справы. Такі маніторынг быў натуральным, бо так былі заяўлены мэты дзейнасці арганізацыі. БХК ладзіў сумесныя семінары з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі калоніі. Актыўна выкарыстоўвалі абмен вопытам, напрыклад з сістэмай выканання пакаранняў у Даніі.

Самае карыснае, што мы рабілі — гэта маніторынг суду. Асаблівасцю нашага маніторынгу было тое, што мы, акрамя ўсяго, працавалі непасрэдна з суддзямі. У нас былі паказальныя суды, і, можна сказаць, суддзі высокага класа.

БХК праводзіў цікавыя інтэрактыўныя семінары — публічныя суды, куды прыходзілі суддзі, пракуроры, адвакаты, юрысты.

Напрыклад, праводзілі такі семінар па першай справе графіцістаў Аляксею Шыдлоўскаму і Вадзіму Лабковічу. Ім прысудзілі тады пакаранні, звязаныя са зняволеннем. На семінар запрасілі замежных юрыстаў: дацкіх, нарвежскіх і іншых. Тады замежнікі, мякка кажучы, здзвівіліся такому прысуду. Яны ўвогуле не бачылі складу злачынства ў гэтай справе, максімум — адміністрацыйка…

А аднойчы мы адправілі нашу справаздачу Вярхоўнаму суду. Выклікалі мяне тады і сказалі, што прыцягнуць да адказнасці за абразу суда. А я ім: «Прыцягвайце! Гэта будзе лепшы вынік па нашым дакладзе па маніторынгу суду. Давайце будзем спрачацца ў судзе, як мы пакрыўдзілі суддзю, канстатаваўшы, што яна вынесла такі прысуд». Канешне, на гэтых словах усё і скончылася.

Міжнародная канференцыя ААН у Ялце, прысвечаная 50-годдзю Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Верасень, 1998 г. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Міжнародная канференцыя ААН у Ялце, прысвечаная 50-годдзю Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Верасень, 1998 г. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

«У нас жа папяровая бюракратычная дзяржава. Улада не ведае, што рабіць, калі ёсць папера»

— Вельмі важным было наладзіць сістэму назірання падчас выбараў. Мы тады адныя з першых распачалі практыку грамадскіх назіранняў за выбарамі ў Беларусі. Людзі вельмі адказна аднесліся да гэтага. Напачатку ўлада таксама адказна ўспрыняла гэтую ініцыятыву. Цяпер ужо дзяржава перахапіла ідэю і сама выстаўляе назіральнікаў, напрыклад, з кантралюемых аб’яднанняў ветэранаў, Чырвонага Крыжа, БРСМ. Выбары, дзякуючы інстытуту незалежнага грамадскага назірання, сталі ўжо не такімі кулуарнымі.

Першае пасведчанне назіральніка мы зрабілі ў 1995 годзе. Мы тады спецыяльна ставілі на іх вялікую пячатку. У нас жа папяровая бюракратычная дзяржава. Улада не ведае, што рабіць, калі ёсць папера. А я вывучала бюракратызм у савецкай дзяржаве, і таму добра ведаю ролю паперы: ёсць папера — ёсць праблема, няма паперы — няма праблемы.

«…каб людзі памяталі, калі сёння іх праблемы не вырашыліся, то яны могуць вырашыцца заўтра»

— Сябры БХК займаліся рэабілітацыяй беларускай пісьменніцы Ларысы Геніюш. Юрыдычнай часткай займаўся вядомы юрыст Гары Паганяйла. З КДБ нам прадставілі яе асабістую справу.

Мы даказалі, што ў крымінальным кодэксе няма нават такіх артыкулаў, па якіх яе пакаралі. Яна не магла быць злачынцай. У той час нават супрацоўнікі КДБ нам дапамагалі і казалі, што мы павінны перамагчы. На такіх падставах яны рэабілітавалі іншых людзей, і тут былі ўсе падставы для гэтага.

Сваё заключэнне мы адправілі ў КДБ, пракуратуру і да Лукашэнкі. Калі яна дайшла да прэзідэнта, то ўсё спынілася. У КДБ нам паказалі, што ён распісаўся на нашай справе, але пры гэтым не ўзгадніў і не забараніў. Так яно і засталося ў падвешанным стане. Цяпер ведаю, як трэба было паступіць: арганізаваць грамадскую піяр-кампанію, далучыць журналістаў. Зрабілі б грамадскі ціск, справа б хіснулася — і ўсё атрымалася б. Гэта вельмі важнае пытанне для нацыянальнага развіцця. Трэба, каб людзі памяталі, што калі сёння іх праблемы не вырашыліся, то яны могуць вырашыцца заўтра.

Матэрыялы справы па рэабілітацыі беларускай пісьменнніцы Л. Геніюш. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Матэрыялы справы па рэабілітацыі беларускай пісьменнніцы Л. Геніюш. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

«БХК выдаў першы дапаможнік па правах чалавека для школьнікаў»

Раней не было такіх інфармацыйных рэсурсаў, якімі мы карыстаемся штодзённа для перадачы інфармацыі грамадству: сайты, сацсеткі. Таму БХК выкарыстоўваў усе магчымыя на той час папяровыя сродкі для прасоўвання каштоўнасцяў правоў чалавека.

— З ініцыятывы сяброў БХК у школьную праграму Беларусі быў уведзены спецкурс па правах чалавека. Для такіх заняткаў мы выдалі ў 2001 г. першы дапаможнік па правах чалавека для школьнікаў, які быў нават рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі. Ён быў раздадзены ў беларускія школьныя бібліятэкі. Вельмі было складана атрымаць грыф «Рэкамендавана Міністэрствам адукацыі». Дзякуючы майму сааўтару С. Бубену, мы выдалі гэтую кнігу, бо ён ведаў усе хады-выхады ў Міністэрстве адукацыі.

Дапаможнік для школьнікаў «Правы чалавека»

Дапаможнік для школьнікаў «Правы чалавека»

У красавіку 1996 года БХК пачаў выдаваць праваабарончую газету, якая мела назву «Круг». Потым выдавалі часопіс «Чалавек». У гэтыя выданні пісалі і сябры БХК, і іншыя юрысты, напрыклад, суддзі. У адным з першых нумароў мы надрукавалі тэкст Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека.

Першы нумар праваабарончай газеты БХК «Круг». З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Першы нумар праваабарончай газеты БХК «Круг». З прыватнага архіву Таццяны Процькі

«Прыйдзе час — і ўсе гэтыя праблемы, на якіх мы засяроджвалі ўвагу перад дзяржавай, будуць прааналізаваны»

— Пакуль я ўзначальвала БХК, я актыўна адстойвала ідэю, што без кантакту з дзяржавай праваабаронцы эфектыўна працаваць не могуць. Яны могуць абараняць інтарэсы людзей толькі з дапамогай дзяржавы, бо яна як парушае правы, так і ўзнаўляе іх. БХК гэтым займаўся: мы пісалі звароты ды скаргі ў дзяржаўныя органы. Я, як гісторык, ведала, што калі ты напісаў зварот, то ён застанецца ў дакументах, бо бюракратыя менавіта так і працуе. Прыйдзе час — і ўсе гэтыя праблемы, на якіх мы засяроджвалі ўвагу перад дзяржавай, будуць прааналізаваны.

«Пасля 95—96 году ў Беларусі трэба было аб’ядноўваць свае дэмакратычныя рухі, каб усімі сіламі паўплываць на ўладу»

— Беларускае грамадства было раздроблена на розныя рухі. Гэта нармальна для дэмакратычнага грамадства, але пасля 95—96 году ў Беларусі трэба было аб’ядноўваць дэмакратычныя рухі, каб усімі сіламі паўплываць на ўладу.

Менавіта для гэтых мэтаў мы распрацавалі Праваабарончую канвенцыю, якая павінна была аб’яднаць грамадскія арганізацыі, рухі і палітычныя партыі Беларусі. Асаблівасцю было тое, што да Канвенцыі мы далучылі прафсаюзы. Паводле Канвенцыі, ствараўся адзін каардынуючы орган — Савет Праваабарончай Канвенцыі. Гэта была структура, якая ўяўляла сабой механізм для аператыўнага вырашэння асобных грамадскіх пытанняў. Для яе не патрэбна было фінансаванне. Тады была важна менавіта каардынацыя дзейнасці.

Праваабарончая Канвенцыя. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Праваабарончая Канвенцыя. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Але давесці да канца яе так і не атрымалася, бо паралельна запусцілі Хартыю. Сустрэліся дзве ініцыятывы, і ні тая, ні тая не пайшла. Калі Карлас Шэрман прынёс мне на подпіс Хартыю, то ўжо падпісаліся Быкаў, Барадулін, Шэрман. І я, вядома, паважаючы іх аўтарытэт, таксама яе падпісала…

Таццяна Процька з мужам каля свайго дома

Таццяна Процька з мужам каля свайго дома

«Мы павінны былі падцвердзіць, што дзейнічаем згодна з Канстытуцыяй 1996 года»

— Калі былі прыняты змены ў Канстытуцыю ў 1996 г., то ўсе арганізацыі павінны былі перарэгістравацца, тым самым прызнаць новую Канстытуцыю. Бо палова ж Беларусі тады ўвогуле не прызнавала вынікі праведзенага рэферэндуму. І таму ўсе зарэгістраваныя арганізацыі павінны былі прайсці перарэгістрацыю. Так і мы павінны былі падцвердзіць, што дзейнічаем згодна з Канстытуцыяй 1996 г. Для нас гэта было вельмі складана, бо нашая пазіцыя па гэтай сітуацыі была зразумелая. Але мы неяк абыйшлі гэта і наўпрост не пазначылі, што мы яе прызнаем, але і не адвяргаем.

Вытрымка са Статута БХК пасля перарэгістрацыі ў 1996 г. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Вытрымка са Статута БХК пасля перарэгістрацыі ў 1996 г. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Памятаю, мы падалі ў Міністэрства юстыцыі дакументы на перарэгістрацыю, чакалі доўга, а потым мяне выклікалі і паведамілі, што БХК усё ж такі перарэгістравалі, падаўшы гэта як нейкі падарунак.

«У аэрапорце сказалі, што забіраюць даклад па правах чалавека на падставе таго, што гэта кампраметуе дзяржаву»

Перад афіцыйным паседжаннем Камітэта па правах чалавека ААН, дзе выступаюць толькі дзяржавы з дакладамі, маюць права выступаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з альтэрнатыўным дакладам па правах чалавека. З 1997 па 2017 год Беларусь не прадстаўляла афіцыйныя справаздачы. Таццяна Процька патлумачыла, чаму 20 год улада не прадстаўляла перыядычныя даклады па правах чалавека ў КПЧ ААН.

— У 1997 годзе я ехала ў Жэневу з такім альтэрнатыўным дакладам. У дадатак да яго мы адснялі відэастужкі з разгонам дэманстрацый. Але адразу да Жэневы тады даехаць не атрымалася — мяне затрымалі ў Мінску ў аэрапорце. Супрацоўнікі КДБ сказалі, што забіраюць даклад і іншыя матэрыялы на падставе таго, што гэта кампраметуе дзяржаву. Я кажу: дайце мне паперу, дзе было б напісана, што гэта неяк кампраметуе беларускую дзяржаву на міжнародным узроўні. Зразумела, што яны нічога не прадаставілі.

Даклад БХК па правах чалавека. Узнагарода Таццяны Процькі ад ПЭН-Цэнтра. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Даклад БХК па правах чалавека. Узнагарода Таццяны Процькі ад ПЭН-Цэнтра. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Супрацоўнікі КДБ вырашылі праглядзець відэастужкі проста ў аэрапорце. Тады амаль усе працаўнікі аэрапорта сышліся глядзець гэтыя відэазапісы. Яны ўсе былі шакаваны, бо даведацца пра такое ў тыя часы было амаль немагчыма, калі ты сам не з’яўляўся ўдзельнікам дэманстрацыі. Мяне затрымалі на суткі, але ўрэшце ўсё ж такі вырашылі аддаць даклад і адпусціць.

Хоць і са спазненнем, але я прыляцела і паспела выступіць у КПЧ ААН. Падчас усяго паседжання круцілі мае відэастужкі. Цікава, што мой даклад тады размножылі, і калі дзяржаўныя прадстаўнікі выступалі з дакладам па правах чалавека, то прысутныя амаль кожны пункт афіцыйнага даклада перакрывалі нашым дакладам. Пасля гэтага дзяржава на доўгі час ўвогуле кінула рабіць справаздачы (даклады) па правах чалавека.

«Таццяна Сяргееўна, мы нічога змяніць не можам, але жыццё мы ім сапсуем!»

— Адной з перамог лічу, тое, як ў 2000-х мы даказалі ў Смалявічах фальсіфікацыю на выбарах. Пракуратура прызнала гэта, але нікога не прыцягнула да адказнасці, бо сказалі, што на агульныя вынікі гэта ўсё роўна не ўплывае. Мясцовы пракурор мне сказаў: «Таццяна Сяргееўна, мы нічога змяніць не можам, але жыццё мы ім сапсуем!» Вінаватых доўга выклікалі на допыты, размовы, і болей гэтых асоб на выбары не ставілі.

Публікацыі БХК у «Народнай волі». З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Публікацыі БХК у «Народнай волі». З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Падчас працы я кантактавала са шматлікімі дзяржаўнымі чыноўнікамі. Калі размаўляла з міністрамі, то бачыла, што яны ўсё разумеюць, але яны нявольныя і несвабодныя. Часта чула: «Таццяна Сяргееўна, ну вы ж самі ўсё разумееце…»

На дзяржаўных пасадах у нас засталася безадказнасць і бездапаможнасць асобнага чалавека. Асноўная бяда кіруючага апарата ў Беларусі, што ніхто не хоча ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць адказныя рашэнні.

«Калі заканадаўца хоча, каб смяротнае пакаранне захавалася — то ён паставіць пытанне на рэферэндум»

Тэма смяротнага пакарання пасля правядзення рэферэндуму 1996 г. з’яўлялася на тыя часы не менш актуальнай, чым цяпер. Таццяна Процька ўспамінае, як тады грамадскасць ставілася да гэтага пытання.

— У планах БХК было распачаць цэлую кампанію супраць смяротнага пакарання. Сябра БХК Валер Філіпаў ездзіў па абласных гарадах з выставай фотаздымкаў, макетаў па тэме таго, як ажыццяўляецца выкананне смяротнага прысуду. Гэта быў першы праект у межах кампаніі.

Я напісала вялікі праект па смяротным пакаранні. Яго сутнасць складалася менавіта ў падрыхтоўцы грамадскай думкі да адмены смяротнага пакарання. Бо галоўнай аргументацыяй захавання смяротнага пакарання ў Беларусі з’яўлялася, і цяпер з’яўляецца, што грамадская думка Беларусі не падрыхтаваная.

У межах кампаніі планавалася арганізацыя шматлікіх тлумачальных размоваў з грамадствам, правядзенне семінараў сярод журналістаў, каб яны разумелі, як падаваць гэтую тэму грамадству. Трэба было напрацаваць добрую аргументацыю.

Падчас візітаў у жодзінскую турму самі супрацоўнікі турмы, якія маюць непасрэдны кантакт з людзьмі, асуджанымі да смяротнага пакарання, казалі, што такое пытанне нельга ставіць на рэферэндум. Відавочна, што калі заканадаўца хоча, каб смяротнае пакаранне захавалася — то ён паставіць пытанне на рэферэндум. Людзі заўсёды прагаласуюць за смяротнае пакаранне. І гэта ўсе ведалі. Але наш праект тады не знайшоў падтрымкі.

«Праваабаронцам у Беларусі быць цяжка, бо наша дзяржава не выносіць крытыкі»

— Праваабарончая дзейнасць эмацыйна складаная для людзей, бо працуеш штодзень далёка не з радаснымі падзеямі і старонкамі жыцця людзей. І гэта маральна цяжка. Адзінае, што выратоўвае ў такой працы, — падтрымка ўнутры грамадзянскай супольнасці. Цяпер яна больш-менш сфарміраваная, а ў нашыя часы такога яшчэ не было.

Праваабаронцам у Беларусі быць цяжка, бо наша дзяржава не выносіць крытыкі. Зразумела, што гэта неправільна, і трэба выпраўляць такую сітуацыю. Пры любых абставінах у дзяржаве павінен быць нейкі незалежны арбітр, які будзе даваць аб’ектыўную інфармацыю. Бо левая рука дзяржавы не можа заахвочваць, а правая караць.

Сэнс грамадзянскай супольнасці ў тым, каб даваць сігнал дзяржаве, калі нейкія яе механізмы пачынаюць працаваць неналежным чынам. Пакуль такая сістэма не будзе наладжана, то ў грамадстве не будзе парадку.

Таццяна Процька і Біл Клінтан пры ўручэнні БХК узнагароды за абарону правоў чалавека. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Таццяна Процька і Біл Клінтан пры ўручэнні БХК узнагароды за абарону правоў чалавека. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0