Мадэрнізацыя беларускіх НПЗ на кошт паліва не паўплывае. Затое на цэнах можа адбіцца рост сусветных каціровак на нафту пасля выхаду ЗША з ядзернай дамовы з Іранам. Пра гэта ў эфіры праграмы «Тыдзень» на тэлеканале СТБ распавёў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка.
Сур'ёзных скачкоў цэн на паліва ў Беларусі не плануецца. У агляднай будучыні канцэрн працягне палітыку «стрыманага росту» кошту на ўжо традыцыйную адну капейку.
— Напэўна, гэта замарудзіла рост эканамічных паказчыкаў прадпрыемстваў. Але мы памятаем пра нашых спажыўцоў, - растлумачыў палітыку Ігар Ляшэнка.
Зараз працягваецца мадэрнізацыя айчынных НПЗ. Работы павінны скончыцца ў лістападзе 2019 года. Яна павысіць эканамічную эфектыўнасць заводаў, але не з-за павышэння кошту прадукцыі, а за кошт павелічэння глыбіні перапрацоўкі сыравіны.
- Мы суседнічаем з Расіяй. Кошт паліва ў іх і ў нас не можа сур'ёзна адрознівацца. Таму сказаць, што ёсць прамая залежнасць паміж мадэрнізацыяй і коштам паліва, нельга, - патлумачыў старшыня «Белнафтахіму».
Затое кошт паліва будзе павялічвацца разам з ростам сусветных цэнаў на нафту. Гэта можа адбыцца пасля выхаду ЗША з ядзернай праграмы з Іранам.
- Цана паліва прапарцыйна будзе павышацца. Мы ідзем сінхронна з нашымі калегамі з Расійскай Федэрацыі, сёння такая стратэгія. Таму і тут будзем арыентавацца на іх, - сказаў Ігар Ляшэнка.





