У Магілёве завяршаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіслава Казакевіча. 19-гадовы мінчук зараз адбывае пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі за напад з бензапілой на наведвальнікаў ГЦ «Еўропа», у выніку якога загінула жанчына, яшчэ дзве пацярпелі.
Зараз Казакевіча абвінавачваюць у нападзе з нажом на двух кантралёраў калоніі. У панядзелак, 14 мая, Казакевіч павінен быў выступіць у судзе з апошнім словам, аднак прамаўляць ён адмовіўся.
«Я адмаўляюся ад апошняга слова», — адказаў Уладзіслаў Казакевіч на прапанову суддзі выступіць з апошнім словам.
У судзе абвешчаны перапынак да 16.00, пасля якога будзе абвешчаны прысуд.
Па версіі абвінавачвання, раніцай 12 кастрычніка 2017 года ў час вываду на прагулку Уладзіслаў Казакевіч дастаў з рукава нож і напаў на двух кантралёраў. Была заведзена крымінальная справа за замах на забойства двух чалавек.
На пасяджэнні 10 мая дзяржабвінаваўца запатрабаваў для Уладзіслава Казакевіча пакаранне ў выглядзе 23 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прычым першыя 5 гадоў ён павінен правесці ў турме.





