«Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС» Антона Кулона — гэта дапрацаваны варыянт кнігі «Сіняя кніга беларускага алкаголіка», якая выйша ў 2012 годзе і выклікала рэзананс як у літаратурных колах, так і ў колах непітушчых алкаголікаў і больш таго — дзейных.
У кнізе распавядаецца пра прыгоды аматара выпіць і пра тое, як герой кнігі пераспрабаваў многія спосабы барацьбы з алкагалізмам і, нарэшце, знайшоў свой шлях. У кнізе даволі імёнаў легендарных дзеячаў беларускай культуры: Кіма Хадзеева, Міхася Стральцова, Міколы Капыловіча і іншых.
Жонка некуды з’ехала, і я запрасіў «зборную» кавярні «Молодежное» да сябе ў госці. Быў сярод запрошаных і Міхась Стральцоў.
Пагулялі добра. Паснулі — дзе хто мог: на ложках, крэслах і нават на падлозе. Хіба што на шафе нікога не было.
Чаму ўспомніў шафу?
Бо быў такі выпадак, калі шматлікая кампанія «балявала» ў навукоўца-біёлага Віці Праташчыка і «найнепрыхотлівейшы» госць распрануўся да трусоў ды залез адпачываць на шафу. Гэтым госцем быў вольны журналіст Сяргей Аладзьеў. Найцікавей і найдзіўней было тое, што, як толькі ўтаймаваліся госці, раптам аднекуль зверху, з шафы данёсся Сяргееў голас:
— А коўдра? Коўдру мне дайце. Здаецца, вецер прадзімае…
Праташчык абурыўся:
— Коўдру яму падавай! Самае высокае, пачэснае месца атрымаў, ды яшчэ незадаволены!
Аднак у мяне на час таго «балявання» Сяргея не было. Так што шафа была вольная.
Вось што кажа пра кнігу літаратуразнаўца Ганна Янкута: «Гісторыі з жыцця пісьменнікаў і каляпісьменніцкіх колаў, у якія часам на радасць пачэснай грамадзе трапляе сантэхнік Аркадзій, хоць і сведчаць пра тое, што пад сонцам няма нічога новага, дазваляюць па-новаму зірнуць на свет беларускага прыгожага пісьменства. Пра гэтага аўтара — як і пра Альгерда Бахарэвіча — можна сказаць, што пра беларускую літаратуру так яшчэ ніхто не пісаў, але незвычайнасць і «сенсацыйнасць» гэтых кніг вельмі розная. «Сіняя кніга беларускага алкаголіка» — гэта падарунак, дасланы з савецкай эпохі, якая своечасова не дала нам уласнага рэцэпту «слязы камсамолкі», і такія падарункі трэба прымаць, хочам мы гэтага ці не».
Ганна Кісліцына, літаратуразнаўца: «Чытаць кнігу надзіва цікава, і нават не столькі з-за таго, што многіх дзеячаў культуры, пра якіх тут ідзе размова, я ведала па падручніках літаратуры, але ў першую чаргу таму, што пісьменнік здолеў перадаць атмасферу 70-х гадоў мінулага стагоддзя».
«Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС» з новымі гісторыямі, новай структурай і на беларускай мове — ўжо ў кнігарні выдавецтва на Нямізе, 3 і на сайце halijafy.by





