У Мінску на 9 Мая ў акцыі «Несмяротны полк» узяло ўдзел 1500 чалавек. Гэта многа ці мала? Мы вырашылі параўнаць з іншымі сталіцамі постсавецкай прасторы. З якім размахам там праводзілі «Несмяротны полк»?

Найбольш масавая акцыя, калі пакінуць за дужкамі Маскву, адбылася ў Кішынёве. Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон асабіста ўзначаліў шэсце, якое налічвала ад 70 да 100 тысяч чалавек. Новы прэзідэнт Малдовы ўсё болей глядзіць у бок Расіі, а не Еўрасаюза.

Гэтаксама прэзідэнт узначаліў калону ў Бішкеку. Кіраўнік Кыргызстана Саоранбай Жээнбекаў прыйшоў з партрэтам дзеда. Агулам у сталіцы Кыргызстана сабралася каля 45 тысяч чалавек.

«Несмяротны полк» у Астане. Фота tengrinews.kz.

«Несмяротны полк» у Астане. Фота tengrinews.kz.

Вельмі маштабна «Несмяротны полк» прайшоў у Астане. Ад 15 да 30 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы казахстанскай сталіцы. Вышэйшае кіраўніцтва Казахстана не ўзяло ўдзел у «Палку», але больш дробныя чыноўнікі, як намеснік акіма Астаны ці намеснік генпракурора выйшлі з партрэтамі родных. У Алматы сабралася яшчэ больш — каля 70 тысяч.

Традыцыйна шматлікім атрымалася шэсце ў Рызе. У Латвіі яшчэ з савецкіх часоў жыве шмат выхадцаў з Расіі, якраз яны склалі большасць з тых, хто выйшаў на вуліцы Рыгі. Арганізатары называюць лік 15 тысяч.

Так праходзіла акцыя ў Рызе.

Так праходзіла акцыя ў Рызе.

Прэзідэнт Арменіі [Арменія — парламенцкая краіна] Армен Саркісян павёў за сабой шэсце «Несмяротнага палка» ў Ерэване. Агулам на акцыю прыйшло каля 6 тысяч чалавек.

У Кіеве акцыя мела назву «Ніхто не забыты, нішто не забытае». Праходзіла яна пад пільнай аховай міліцыі. На акцыю з’явіліся людзі з партрэтамі з гульні World of Warcraft, якія іранізавалі з «Палка». У Кіеве было каля 3 тысяч чалавек.

Вельмі няпроста ацаніць колькасць удзельнікаў у Таліне. Некаторыя эстонскія сайты даюць некалькі сотняў, арганізатары пішуць пра 4 тысячы. Мы ўзялі сярэднюю лічбу — 2 тысячы. Сайт «Спутнік» адзначае, што ўлады Эстоніі ніяк не заміналі ў правядзенні акцыі.

Пра 1500 людзей, што выйшлі на вуліцы Мінска мы ўжо падрабязна пісалі. У асноўным гэта былі прарасійскія дзеячы і пенсіянеры-камуністы.

Менш за 1000 чалавек сабраў «Несмяротны полк» у Вільні. У сталіцы Таджыкістана Душанбэ выйшла 500 чалавек. 200-300 удзельнікаў падтрымалі «Несмяротны полк» у Баку. Усяго сотня прыйшла ў Тбілісі. Акцыя ў Ташкенце дазволеная не была, але ўлады вырашылі не затрымліваць удзельнікаў, і там была сотня чалавек. У Ашхабадзе «Несмяротны полк» адзначылі толькі на базе рускай школы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?