Легендарны аргенцінскі футбаліст Дыега Марадона стаў старшынёй праўлення брэсцкага «Дынама». Кантракт падпісаны тэрмінам на тры гады.
Паведамляецца, што Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, у тым ліку дзіцячай акадэміяй брэсцкага «Дынама».
Марадона прыступіць да сваіх паўнамоцтваў пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расіі.
«У Emirates Palace (Абу-Дабі) адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам Дыега Марадоны і прадстаўнікоў клуба. Пра дату правядзення прэс-канферэнцыі будзе абвешчана дадаткова», — паведаміла прэс-служба клуба.
Дыега Марадона — адзін з найлепшых футбалістаў у гісторыі. Пры гэтым ягонае каляфутбольнае жыццё суправаджалася скандаламі. Ён меў праблемы з наркотыкамі і алкаголем, а палітычныя погляды мяняў як пальчаткі.