Суд Мінскага раёна вынес прысуд у дачыненні да пяцярых жыхароў Мінскага раёна, якія вымагалі 650 даляраў у хатняй работніцы, паведамілі ў прэс-службе Мінскага аблсуда.

52-гадовая пацярпелая неафіцыйна падзарабляла уборкай у дамах. Праз знаёмую да яе па дапамогу звярнулася адна з абвінавачаных. Перад навагоднімі святамі 2016 года сваякі ў чарговы раз запрасілі жанчыну прыбраць у катэджы ў іх прысутнасці.

Сям'я (сямейная пара, бацькі маладой жанчыны і бацька яе мужа) вырашыла інсцэнаваць крадзеж у іх $ 650, якія нібыта ляжалі ў шкарпэтцы на шафе і прапалі пасля ўборкі пакоя. Каля сутак абвінавачаныя прымусова ўтрымлівалі жанчыну, збівалі, пагражаючы у тым ліку яе сям'і, калі яна не верне «скрадзеныя» грошы. Для застрашвання пацярпелую вывезлі на могілкі, вымусілі яе даць «прызнанні» і напісаць распіскі.

Жанчыны — жонка і яе маці — прысуджаныя да 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Мужчынам прызначана пакаранне таксама ў выглядзе пазбаўлення волі — на тэрмін ад 4 да 4 гадоў 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У кожнага з іх канфіскуюць маёмасць.

На карысць пацярпелай спагнана 2 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0