Рычард Пайпс.

Рычард Пайпс.

Памёр Рычард Пайпс. «Наша Ніва» паўторна апублікавала гутарку журналіста Дзмітрыя Гурневіча з гэтым гісторыкам і палітыкам (быў дарадцам прэзідэнта Рональда Рэйгана). Галоўная думка Рычарда Пайпса вынесена ў загаловак: «Расія не распадзецца».

Руская служба Радыё Свабода прысвяціла нябожчыку публікацыю «Крах СССР не прадказаў ніхто. Памяці Рычарда Пайпса».

Я не адзін раз задаваў пытанне заходнім суразмоўцам: чаго былі вартыя вашы саветалогія і крэмліналогія, калі саветолагі і крэмлінолагі не маглі прадказаць распад СССР? За што яны атрымлівалі вучоныя ступені і грошы?

Не прэтэндуючы на лаўры выдатнага, сусветна вядомага гісторыка, наш археолаг і гісторык, а пазней мой таварыш па партыі Міхась Чарняўскі прадбачыў канец савецкага камунізму і СССР задоўга да іх скону. Напісаць і апублікаваць гэта ён не мог, але казаць казаў. І таму ёсць сведкі.

Не прэтэндуючы на лаўры выдатнага, сусветна вядомага гісторыка, я на пачатку 1990 года апублікаваў у газеце «Свабода» тэкст пад загалоўкам «Нататкі незалежніка». Ужо можна было пісаць пра хуткі развал СССР. Недзе ў архіве асобнік таго нумару газеты маецца.

Мой настаўнік, доктар філасофскіх навук Мікалай Крукоўскі на самым пачатку 1991 года прапаноўваў мне засесці і напісаць з марксісцкіх пазіцый артыкул на тэму «Чаму Савецкі Саюз распадзецца?». На жаль, задуму не ўдалося здзейсніць, а ў дні путчу, ГКЧП (жнівень 1991 г.), ужо, бадай, кожнаму, стала відавочна, што СССР канае, і пісаць артыкул не мела сэнсу. У тыя дні перадавому артыкулу ў партыйнай газеце «Грамада» я даў загаловак «Няхай жыве пераварот», бо спроба дзяржаўнага перавароту паскарала распад саўка.

А на год раней, ці не ў ліпені, 1990-га, калі абмяркоўвалася Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, за якую камуністаў агітавалі аўтарытэтныя ў іх дэпутаты Анатоль Вярцінскі і Ніл Гілевіч, Анатоль Ільіч з трыбуны Вярхоўнага Савета заявіў, што мы (гэта значыць Беларусь) «асуджаны на незалежнасць». Не ведаю, ці зафіксаваныя гэтыя словы ў стэнаграме таго пасяджэння, але мне яны ўрэзаліся ў памяць.

І Міхась Чарняўскі, і Мікалай Крукоўскі, і Анатоль Вярцінскі, і іншыя мае знаёмцы і аднапартыйцы, кажучы пра непазбежны распад Савецкага Саюза, кіраваліся той неаспрэчнай ісцінай, што ўсе імперыі раней ці пазней распадаюцца, церпяць крах.

Ведама, Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі і я з марксісцкіх пазіцый маглі напісаць пра матэрыяльныя і нематэрыяльныя перадумовы распаду СССР. І выявілася б, што мы грукаліся ў адчыненыя дзверы.

Тое, што БССР — гэта ступенька да Беларусі незалежнай, яшчэ ў 1920-х пісаў не адзін беларускі сацыялістычны аўтар, а Антон Луцкевіч пісаў і пра іншыя «недзяржаўныя» народы. Ён быў перакананы, што, уваходзячы у склад СССР, гэтыя народы «настолькі вырастуць культурна, нацыянальна і палітычна, што ніхто і нішто не зможа ўжо іх вярнуць у стан рабства».

Рычард Пайпс не прадбачыў распад СССР, Таму ёсць усе падставы са скепсісам ставіцца і да яго цверджання «Расія не распадзецца». Як на маю думку, Пайпс у вывучэнні сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных з’яў і працэсаў не валодаў крытычным метадам. Ён, у адрозненне ад Эрыка Хобсбаўма ці Імануэля Валерстайна, не быў марксістам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0