На пачатку 2016 года ў тэлекраму, дзе працаваў Ян, звярнулася па рэкламу расійская кампанія, якая хацела прадаваць у Беларусі чахлы на мэблю. «Рынак быў некрануты. Таму і продажы праз тэлекраму былі вельмі паспяховыя», — распавядае Ян.

З прадстаўніцтвам расійскай кампаніі не склалася. Хоць для нашай краіны чахлы і апынуліся «ваў»-таварам, умовы гандлю былі жорсткія. Бізнэсоўцы, якія працавалі ў Беларусі па франшызе, прыбытку амаль не мелі, нягледзячы на тое, што іх крама прыносіла ці не найвялікшыя выручкі кампаніі сярод сотні іншых.

І тады Ян з калегамі вырашылі брацца за сваю справу, хоць у раскрутку расійскага брэнду ўжо ўклалі шмат часу і сродкаў.

«За 20 дзён мы прыдумалі назву, айдэнтыку, усё абмалявалі і ўзгаднілі. Нават наўпрост на нарадах даводзілася накідваць эскізы, крэсліць, каб знайсці тое, што трэба. Цяпер мы маем свой брэнд «Сафатэкс», наўпрост дамовіліся з вытворцамі з Іспаніі і Італіі і пачалі развіваць уласную вытворчасць», — кажа бізнэсовец.

Ян Яраш.

Ян Яраш.

Месца крамы выбіралі доўга.

«У чалавека ёсць унутраны ступар. Ён не можа набыць дарагую рэч, не памацаўшы яе папярэдне. А крама — гэта якраз такое месца. Мы шукалі кропку, куды лёгка даехаць і дзе багата нашых патэнцыйных кліентаў. Таму адразу вырашылі, што будзем суседнічаць з Камароўкай. Якраз за Домам мэблі адкрылі шоў-рум», — тлумачыць Ян.

Яркай плямай у гэтым раёне стала іх шыльда колеру фуксіі — модны ў гэтым годзе. «Выпадкова патрапілі ў трэнд, і дужа ўдала», — дадае кіраўнік.

Гандлююць чахламі крамнікі ў Мінску, а шыюць іх у Магілеве.

«Мы прааналізавалі попыт і дамовіліся са знаёмымі на пашыў чахлоў. Ёсць прэміум-калекцыі з дарагіх тканін, ёсць сярэднія па кошту і танныя варыянты. На калекцыю «Санторыя» нас натхнілі італьянскія калекцыі, выкарыстоўваем тут тэхналогію «біяласцік»», — адзначае Ян.

Асаблівасць біяласціку ў тым, што гэтая тканіна цягнецца ва ўсе бакі. Для мэблевых чахлоў гэта вельмі дарэчы, бо чахол добра выглядае на любой канапе ці фатэлі. Але магілёўскія майстры пайшлі далей, палепшылі тэхналогію і стварылі спецыяльнае спляценне нітак.

«Вось, глядзіце, калі тут адна нітка парвецца, то на чахле гэта будзе бачна, выгляд будзе неахайны. У нашым жа вырабе багата нітак, і калі адна з іх парвецца, то гэта асабліва ні на што не паўплывае і ніяк не праявіцца», — звяртае ўвагу Ян.

Ён тлумачыць, што колеры падбіралі паводле водгукаў пакупнікоў і магчымасцяў тэхнікі: «Мы заўжды гаворым з людзьмі, аналізуем, што цікавіць людзей, што яны шукаюць і пра што пытаюцца».

Ян распавядае, што неяк выправіўся ў адну вёску завесці замову спадарыні і моцна шкадаваў, што не ўзяў больш тавару: «Выйшлі суседкі, сталі цікавіцца ды распытваць, ці можна набыць тавар проста зараз. Мы размаўлялі вельмі доўга, затое цяпер я ведаю, што канкрэтна цікавіць нашых пакупнікоў».

Ад стартавых васьмі калекцый кампанія ўжо пашырыла асартымент да некалькіх дзясяткаў відаў тавару. Пашырыўся і дыяпазон коштаў: ад 100 да 700 рублёў за камплект.

Цяпер Ян з калегамі шукаюць прадстаўнікоў у іншых гарадах: «Мы самі працавалі па франшызе і ўжо разумеем, як не трэба камунікаваць з людзьмі. Калі вырашылі ствараць уласную сетку, то перш-наперш сталі прапаноўваць супрацу мясцовым, якія ведаюць лад жыцця сваёй супольнасці, разумеюць людзей і гэтак далей. Бо тое, што працуе ў Мінску, можа не даваць ніякага плёну ў Гомелі».

«Сафатэкс» сёння гатовы не толькі дапамагчы прадстаўнікам з навучаннем і стажыроўкамі, але і набраць супрацоўнікаў у краму: «Каб падабраць гандляра ў мінскую краму, мы правялі сумоўі амаль з 400 кандыдатамі і вызначыліся з партрэтам ідэальнага супрацоўніка. Акрамя таго, у нас ёсць пэўная колькасць пакупнікоў у рэгіёнах, якіх мы перанакіруем да сваіх партнёраў. Усе нашы веды і досвед зашытыя ў франшызу. Для нас важна, каб чалавек зарабляў на месцы і з таго быў прыбытак і нам, а не проста ўзяць грошы за франшызу».

Кліентаў шукаць не складана. «Наш кліент — любы чалавек, у якога ёсць канапа, фатэль ці крэсла. Але важна данесці чалавеку, што чахол — гэта выдатная альтэрнатыва перацяжцы ці замене мэблі», — дадае Ян.

УНП 192958555 ТАА «Еўрачахол»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?