Найбуйнейшы расійскі вайсковы сайт «Военное обозреніе» размясціў артыкул калумніста Алега Ягорава «Чаму Беларусь не Аўстрыя». У ёй аўтар паспрабаваў паразважаць пра вайсковую сілу невялікіх дзяржаваў, як Ізраіль, Швецыя, Швейцарыя, Аўстрыя, Фінляндыя. А таксама параўнаў іх з Беларуссю. Адзначаецца, што ва ўсіх гэтых краінах выдаткі на абарону з’ядаюць вялікую частку бюджэту. Маўляў, такая сапраўдная цана за нейтральнасць і незалежнасць.

«Беларусь жа, у адрозненне ад іх, не з'яўляецца «міжнародна прызнанай нейтральнай дзяржавай». Хоць, зрэшты, многім беларусам гэтага б вельмі хацелася, і яны нават гатовыя сябе менавіта так пазіцыянаваць, але аднаго жадання тут катэгарычна недастаткова… Неабходная згода вядучых палітычных гульцоў, а да гэтага згоды — як да Месяца пешшу», — адзначае выданне.

Далей пішацца, што ў Беларусі вельмі папулярныя размовы, што грошы на армію — «гэта грошы на вецер». І любая згадка ў прэсе аб куплі ўзбраення ці вайсковых вучэнняў суправаджаецца негатыўнай рэакцыяй публікі.

«Не, да таго, што беларусы «своеасабліва» ставяцца да Расіі, рана ці позна звыкаешся, але варожыя настроі ў адносінах да сваёй уласнай армейскай структуры — гэта нешта «за гранню дабра і зла». Ну, тут трэба разумець, што крыніца праблемы шмат у чым у тым, што войска — гэта найбольш відавочны сімвал дзяржавы, а дзяржава ў РБ — гэта Лукашэнка, а Лукашэнка там ўсіх ужо «дастаў і вынуў».

Далей выданне адзначае, што Беларусь не можа лічыцца добрым саюзнікам Расіі праз вялікія русафобскія настроі («асабліва ў асяроддзі моладзі»), а таксама праз непапулярнасць улады ўнутры краіны.

«Гэта значыць «добрых навінаў» няма — ёсць толькі кепскія. Без усялякай там «вайны» РБ сёння мае воз і маленькую каляску разнастайных вострых праблем. Пасля 1991-га года неабходна было правесці кардынальныя рэформы ў палітыцы, эканоміцы, грамадстве, абароннай сферы… Але ніхто ў Мінску гэтым асабліва не замарочваўся. У выніку тыя самыя рэформы наспелі і пераспелі. Тыпічная, так скажам, рэвалюцыйная сітуацыя», — адзначае сайт «Ваенное обозреніе».

«Рэформы, якія занадта доўга адкладалі, — гэта заўсёды вялікая рызыка. У выніку беларуская дзяржава вымушаная траціць рэшткі рэсурсаў на адчайныя спробы ўтрымаць сітуацыю (якую ўтрымаць немагчыма). Плюс (бяда не прыходзіць адна) рэзка абвастрылася ваенна-палітычнае становішча ля межаў Беларусі. А грошай, зразумела, няма не тое што на пераўзбраенне арміі, а на выкананне бягучых абавязацельстваў перад грамадзянамі і замежнымі дзяржавамі/структурамі», — гаворыцца ў матэрыяле.

Разважанні пра тое, што беларускія ўлады байкатуюцца Еўропай падаюцца крыху састарэлымі. І, канечне, пра «вялізную ролю Расіі ў абароне тэрыторыі Беларусі». Але тут аўтар лічыць, што Расія не кінецца дапамагаць Беларусі, бо:

«Адносіны з Расіяй сапсаваныя дзесяцігоддзямі адкрытай русафобскай прапаганды. Прычым, як ні дзіўна, беларусы нават не здагадваюцца, што гэта перш за ўсё іх праблемы, а зусім не Расеі. Крызіс на Украіне і ў Сірыі, які тэарэтычна мог бы згуртаваць «саюзнікаў», іх канчаткова пасварыў (Лукашэнка дэманстратыўна абраў «правільны бок гісторыі»)».

Вывад наступны: Беларусь не гатовая да канфліктнай фазы ва Усходняй Еўропе праз «унутраны раздрай, адсутнасць сучаснай арміі і недавер да Расіі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру