mfa.gov.by
На сустрэчы з пасламі па асобых даручэннях краін ЕС Уладзімір Макей выказаўся з нагоды нядаўняга інтэрв'ю кіраўніка МЗС Літвы Лінаса Лінкявічуса TUT.BY. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, дзяржаўны суверэнітэт з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю для Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік МЗС лічыць, што ў сучасным свеце не існуе цалкам самадастатковых краін. А некаторыя з дзяржаў, якія абвінавачваюць Беларусь у «залежнасці» ад трэціх краін, самі ў значнай ступені залежаць ад Беларусі.
Міністр выказаўся і наконт чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы, пра якія казаў Лінкявічус. На яго думку, складанасці з перасячэннем беларуска-літоўскай мяжы галоўным чынам звязаны з недастатковай развітасцю мытнай інфраструктуры на літоўскім баку. У гэтай сувязі літоўскаму боку рэкамендавана давесці яе стан як мінімум да такога ўзроўню, якога дасягнула Беларусь пры садзейнічанні ЕС. Беларускі бок гатовы сумесна з Літвой працаваць над ліквідацыяй бар'ераў для паездак грамадзян і спрашчэннем парадку перасячэння мяжы.





