Я — пісьменнік, і вы не ўяўляеце, колькі часу я, бывае, спускаю на тое, каб падабраць адно трапнае слова, што ахарактарызавала б з’яву, з якой я сутыкаюся ў рэале. Для мяне нешта існуе толькі тады, калі названае. І вось ужо колькі гадоў я спрабаваў падабраць азначэнне, каб ахарактарызаваць пысу, з якой на мяне ўтаропліваецца мая любімая Радзіма.

Даішнікі і дактары ў дзяржаўных паліклініках, супрацоўнікі тэхаглядаў і касіркі ў міжнародных касах. Прадаўцы кавы ў нацыянальным аэрапорце і сцюарды ў самалётах. Падаткавікі, памежнікі і мытнікі — я даўно заўважыў, што ва ўсіх гэтых людзей, занятых настолькі непадобнымі справамі, адзін выраз на твары. Як вы апісалі б яго?

Дэпутаты і кандыдаты ў дэпутаты. На ўлётках і пасля асталявання ў кабінетах. Ахоўнікі ў гіпермаркетах. Супрацоўніцы кіёскаў на прыпынках. Яны могуць быць мужчынамі і жанчынамі, маладымі і старымі, стомленымі і бадзёрымі, але іх партрэт заўсёды, у любы момант нашэння бэджу, будзе выпраменьваць гэты непаўторны выраз. Гэты выраз не сустракаецца так масава болей нідзе ў свеце.

Гэта не падазронасць, з якой цябе, візіцёра з усходу, разглядаюць памежнікі ў сытых краінах, што за Польшчай. Гэта не раздражненне, якое выпраменьваюць стомленыя службоўцы нашых паўсюдных суседзяў. Гэта не самазадаволенае сканаванне магчымасці лёгкай спажывы, добра бачнае на тварах маскоўскіх паліцыянтаў. Гэта не тая інфернальная весялосць, з якой адзін афіцыянт у Барыспальскім аэрапорце цягам апошніх пяці гадоў, пазнаючы мяне — сваю сталую ахвяру, — спрабуе падаць да кавы кілішак каньяку, а калі я адмаўляюся, усё роўна ўключае яго ў рахунак. І робіць гэта з такімі ліхімі прымаўкамі, што мы заўсёды развітваемся сябрамі (рэшты ў яго ўсё роўна ніколі няма).

На тварах, якімі сустракае, спыняе і аглядае мяне Радзіма, я бачу добра натрэніраваную абыякавасць. Гэта не стома. Гэта нішто.

Калі мяне чарговым разам запрашаюць «агледзець сумачку» ў метро, я спрабую зразумець, чым кіруецца кантралёр. Я шукаю ў ім чалавека. Я ўяўляю сабе, якая цяжкая ў яго праца: кіруючыся ўласнымі суб’ектыўнымі пачуццямі выхопліваць з натоўпу мінакоў і ўглядацца ў іхнія рэчы. Шукаючы нешта. Колькі пагроз яны прадухілі за ўсе гады існавання гэтых сканераў на ўваходах? Колькі зламыснікаў злавілі? Колькі адзінак зброі забралі? Я не чуў ні пра адну. Бо звычайна пагрозы прадухіляюцца не так. Але чалавек робіць. Стаіць, шукае, выхоплівае і правярае. Я зазіраю яму ў вочы. І бачу замест іх зрэнку камеры. Ён бы робат. І не спрабуйце жартаваць з ім: любая сяброўская размова можа быць кваліфікаваная як злачынства. Ён не жыве. Ён пільнуе.

Гэтаксама пільнуюць міліцыянты, памежнікі, мытнікі, касіркі. Глядзіш у вочы — і бачыш нішто. Гэта перманентны і паўсюдны покерфэйс. Ты не можаш дазволіць сабе ні злосці, ні расчаравання, ні, тым болей, прыязнасці. Ніякай асабістасці. Ніякай асобы. Ніякага «я». За тваімі інтанацыямі і рэакцыямі сочыць відэарэгістратар.

Дваццаць гадоў таму на покерфэйс хварэлі некаторыя чыноўнікі ўзроўню віцэ-прэм’ера і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дактары, выкладчыкі і іншыя бюджэтнікі ўсё яшчэ мелі нейкую суб’ектнасць. Яшчэ маглі сказаць «я думаю». Дзесяць гадоў таму покерфэйс дайшоў да кіраўніцтва ўнітарных прадпрыемстваў і кіроўцаў тралейбусаў. Гэты выраз зрабіўся, бадай, асноўным у дыктараў дзяржаўных тэлеканалаў.

Сёння я бачу, як покерфэйс перакідваецца на прадавачак абутку ў гандлёвых цэнтрах, на афіцыянтак кавярняў і нават барыстаў. Покерфэйс — выраз, з якім бармены наліваюць алкаголь на Зыбіцкай. Гэта капец як дзіўна — бачыць, як чалавек, у якога задача — лезці да цябе ў душу, адгароджваецца ад цябе маскай на сваёй пысе. 50 віскі? Калі ласка. Восем рублёў. Дзякуй, што без рэшты.

Гэй, што зрабілася з гэтым горадам? Хто яго зачараваў? Куды падзеліся ўсе людзі?

Аднолькавыя лукі ў Instagram. З покерфэйсам. Аднолькавыя выразы на тварах медыйных герояў. Аднолькавыя гісторыі. Аднолькавыя згаслыя вочы. Гэтая хвароба неўзабаве паглыне ўсіх нас. Не застанецца ніводнага беларуса, здольнага на прыязную ўсмешку. На слёзы. На крык, калі табе балюча.

Сінюган, які збірае грошы ля ўніверсама, мае такі ж покерфэйс, што і чыноўніца, якая расказвае па тэлевізары, што неўзабаве той сінюган мусіць плаціць напоўніцу за паслугі ЖКХ.

Потым джэнтльмен накраўдфанджвае сабе на бохан чарнілаў, выпівае яго з гарла і валіцца непадалёк на траўку. Вочы заплюшчаныя. На вуснах пячатка покерфэйсу.

Мне цікава: мы развучыліся адчуваць? Ці нам усё яшчэ баліць, усё яшчэ весела? І мы проста баімся тое паказваць іншым людзям? Што робіцца з тым дзядзечкам пры сканеры ў метро на юбілеі сябра? Ці смяецца, пачуўшы анекдот у лазні, памежнік, які сталёвым голасам пытаецца ў мяне пра мой астральны знак (бо яму падалося, што я не падобны на сваё фота ў пашпарце)? Як, нарэшце, нас вызваліць ад чараў?

Для разведчыкаў, следчых і гульцоў у покер праява эмоцый — гэта параза. Для ўсіх астатніх людзей эмацыйнасць — ключ да шчасця і вялікі дапаможнік у стасунках са светам.

Калі весела — трэба смяяцца, жартаваць і гарэзнічаць. Інакш не будзе весела. Калі на сэрцы жаль — трэба сумаваць. Бо інакш блізкія не даведаюцца, што табе блага, і не дапамогуць сваім цяплом і пяшчотай.

Мы з вамі не разведчыкі, не следчыя і не гульцы ў покер. Давайце заставацца людзьмі. Давайце пазбаўляцца покерфэйсу!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?