Пратэст у Манчэстэры супраць выхаду Брытаніі з ЕС. Архіўнае фота.
Урад Брытаніі вылучыў выбарчай камісіі 829 тысяч фунтаў (больш за мільён даляраў) на выбары ў Эўрапарлямэнт у 2019 годзе. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне The Telegraph, піша «Свабода».
Выбары ў Эўрапарлямэнт пройдуць у траўні 2019 году. Вялікая Брытанія павінна пакінуць Эўразвяз за два месяцы да гэтага — 29 сакавіка. The Telegraph адзначае, што, паводле эўраскептыкаў, выдзеленыя сродкі кажуць пра патаемныя пляны брытанскага ўраду застацца ў ЭЗ.
У выбарчай камісіі заявілі, што Лёндан вылучыў сродкі ў якасьці меры засьцярогі ў тым «малаімаверным выпадку», калі выбары ў Эўрапарлямэнт ўсё ж такі будуць праходзіць на тэрыторыі каралеўства.
У сакавіку Лёндан і Брусэль ўзгаднілі ўмовы пераходнага пэрыяду для выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу. Транзытны пэрыяд будзе доўжыцца з 29 сакавіка 2019 году да 31 сьнежня 2020 году.
Вялікая Брытанія гарантавала грамадзянам Эўразьвязу, якія заедуць у краіну пасьля 29 сакавіка 2019 году, такія ж правы, як і тым, хто прыехаў да Брэксыту. Пры гэтым грамадзяне краінаў Эўразьвязу будуць абавязаныя стаць на ўлік у брытанскім Міністэрстве ўнутраных справаў.
У пераходны пэрыяд Вялікая Брытанія зможа заключаць ўласныя гандлёвыя ўгоды і адначасова выконваць гандлёвыя пагадненьні з Эўразьвязам.
Улетку 2016 году большасьць жыхароў Вялікай Брытаніі прагаласавала за выхад з Эўразьвязу. Вялікая Брытанія далучылася да ЭЗ у 1973 годзе і мае стаць першай краінай, якая яго пакіне.





