Вадзім Пракопчык. Фота: Дзіна Даніловіч.

Вадзім Пракопчык. Фота: Дзіна Даніловіч.

Пачаў разглядаць мапу, куды ехаць на новы аб'ект. Потым споўз на 10 км на захад, «дзе леты першыя прайшлі». І вусны самі зашапталі знаёмыя зь дзяцінства назвы суседніх вёсак пад Негарэлым:
Пажэжына
Гарбузы
Старына
Вясёлы Вугал
Клачкі
Пенькавічы
Ліхачоўшчына
Нарэйкі
Ляхавічы
Камароўшчына
…пра кожную нешта ўсплывае з сутарэньняў дзіцячае памяці.

На Мелькавічах маштаб набліжаю, каб бачыць кожную хату і на дзіва магу згадаць амаль усіх.

Туж жыла Рэня — конюх, якая мяне так балавала, амаль бяззубая, крываногая і хударлявая, як смык, баба.

На тым баку ля гравейкі жылі Новікі, а каля Рэні жыў Казічак — дзядзька мой нейкі вельмі далёкі, які шпарка, як той пранцуз, балбатаў.

На той жа вуліцы жылі Чэся — стары ўгалоўнік, які піў кумыс і мне даваў.

А перад Чэськам жылі Петкавічы — у малодшую Анжэлу, якая прыязджала на лета з Койданава, у гадоў 6 ці 7, я нават амаль закахаўся, але мне забаранілі, бо яна мне нейкай там раднёю прыходзілася… На тым баку гравейкі жылі Кузьміцкія і Ясімчыкі. Мама Колі Ясімчыка, якую звалі Старой Балеткай, была мамай мужа бабінай сястры — Колі Бутайкіса. Яго ўсе звалі, калі злаваліся, «бандэрам», бо Колін бацька быў солтысам у войну і партызаны яго забілі…

А тут, унізе, жыла Вутачка — бабуля, якая ніколі не разгіналася і так і хадзіла літарай Г з рукамі за сьпінай. А тут у добра зложанай неашалёванай цудоўнай хаце жыў Суднік — стары-стары сухі дзед, які хадзіў басанож па вялікіх калючках і не зважаў на іх, а таксама карміў сваю рагатую ганарлівую карову рысавай кашай. Якія смачныя былі яблыкі ў ягоным садзе!

Бліжэй да нас на выгане жылі Шаблоўскія. Коля Шаблоўскі навучыў мяне, як зрабіць пугу, якая будзе шкоўкаць, як тая стрэльба. Хто з вас ведае сакрэт? У мяне такіх было дзьве — адну ён падарыў, другую я сам сплёў.

Пазьней яшчэ бліжэй да нас пасяліліся новыя суседзі — Фіялетавыя — перасяленцы з Расеі, якіх так празвалі, бо яны шмат пілі. Дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што ён даваў рады з любым, нават зусім неаб'езджаным канём і дачушка ў іх была цудоўная — добрая і нейкая вельмі крохкая. Але калі я даведаўся колькі ёй гадоў, я здрыгануўся — яны недакармлівалі яе і яна зусім не адпавядала свайму ўзросту…

Яшчэ з новых побач з намі пасяліўся пчалавод. Яго так усе і называлі, ягонага імя я ня ведаю. Ён быў такі прабіўны зух. Прыемны дзядзька, рагатун, хоць і хітры. Ён карміў мяне паляндвіцай. Ля ягонай лазьні, у якую ён нас запрашаў, былі дзьве дробныя самаробныя сажалачкі. Адна зь іх была менавіта для лазьні, а другая з карасямі. Ён прасіў не пераблытаць уначы, бо з карасямі купацца козытна :)

На выгане былі таксама старыя вясковыя могілкі з помнікамі лацінкай, пуня, калгасная стайня і вялікі цялятнік. На аддаленьні ад усіх за садам на гары стаяла наша хата. Потым мне патлумачылі, што і выган, і усе побач палі каля 10 валок зямлі (каля 210 га) належалі маёй прабабці — Гэлі Кулікоўскай, але што было, тое сплыло…

Я буду спыняцца, бо магу да ранку працягваць пра клён, пра сьлівовую смалу, пра котак, пра сенавалы, пра касьбу, пра трактары, пра коней, пра пьяных пастухоў, пра цяля, якому зашчаміла галаву, пра першыя дзіцячыя складчыны, пра карасікаў на сажалцы, пра гарэлку, якую піў ля сьвіней гадоў у шэсьць, пра таемныя начныя выезды на конях, пра хлебны квас, ды пра ўсё чыста…

Не паказываць сабе гэтыя карты больш ніколі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?