Сёння на будоўлі новага інжынернага корпуса Мінскага метрапалітэна каля універсітэцкага гарадка БДУ знайшлі надмагільныя пліты з яўрэйскіх могілак. Як яны маглі там з'явіцца?
Будоўля новага інжынернага корпуса ідзе паміж вуліцай Ленінградскай і плошчай Незалежнасці. Як напісаў у Фэйсбуку краязнаўца Уладзімір Садоўскі, работы арганізаваны на месцы знесенага ў 2003 годзе даваеннага корпуса БДУ.
— Там, відаць, раскапалі падмуркі былога біяфака, якія пры будаўніцве ў канцы 1920-х складалі з магільных пліт ліквідаваных як раз у той час яўрэйскіх могілак на Ульянаўскай (на месцы якіх зараз стадыён «Дынама»), — напісаў Садоўскі.
Крыху пазней ён дадаў, што на месцы будучага універсітэцкага гарадка таксама былі яўрэйскія могілкі, таму пліты могуць быць і не ад падмурка, а мясцовыя, з разбураных ў 1920-я гады могілак.





