За 50 мэтраў ад курапацкага мэмарыялу ў комплексе будынкаў, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол» і належыць кампаніі «БелРэстІнвэст», напрыканцы тыдня мае адкрыцца рэстаран «Паедзем, паядзім», піша Радыё Свабода.

У рэстарацыі, дзе пабываў карэспандэнт Свабоды, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да адкрыцьця, хоць ні на будынку, ні на агароджы няма ніякіх шыльдаў і інфармацыі.

У залі ўжо гатовыя інтэр’еры, стаяць сталы і лаўкі, музычная апаратура. Расстаўляюць бутэлькі са сьпіртовымі напоямі. У цэнтры залі каля барнай стойкі вялізная рэкляма гарэлкі «Бульбашъ».

Адміністратарка рэстарацыі Віталія сказала Свабодзе, што ўся заля разьлічаная прыкладна на 300 наведнікаў. Да восені плянуецца адчыніць лазьню і саўну.

Іншых зьвестак у адміністрацыі не паведамілі, прапануючы дачакацца адкрыцьця ў пятніцу.

Пасьля таго як карэспандэнт Свабоды выйшаў з залі рэстарацыі, невядомы, які не прадставіўся, з пагрозамі запатрабаваў выдаліць з тэлефона фатаздымкі, зробленыя знутры і звонку памяшканьня. Маўляў, гэта прыватная тэрыторыя.

Яшчэ адна жанчына, якая не назвалася, выказала незадавальненьне паведамленьнямі мэдыя пра забаўляльны комплекс — тым, што журналісты «пішуць пра танцы на касьцях».

Кіраўніца аддзелу гандлю Менскага райвыканкаму Тацяна Іванова пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што на тэрыторыі комплексу будзе рэстарацыя «Паедзем, паядзім».

«Яны ўжо даўно ўключаныя ў гандлёвы рэестар, але не магу сказаць, калі зьбіраюцца адчыніцца. Яны ліцэнзію атрымалі, усе дакумэнты аформленыя», — сказала Тацяна Іванова.

Таксама ў райвыканкаме сказалі, што ня маюць інфармацыі, калі адчыніцца рэстарацыя.

«Саўна і лазьня ні ў якія рэестры ня ўключаныя, уключаны толькі аб’ект грамадзкага харчаваньня», — сказала Тацяна Іванова.

Уладальнік комплексу: «Чаму вас абурае ТАА «Бульбаш»

Знаходзіцца рэстарацыя па адрасе Бараўлянскі сельскі савет, 55, раён вёскі Драздова.

Комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст». Паразмаўляць зь яе дырэктарам Андрэем Ярмоленкавым не атрымалася.

«Усё афіцыйна. Чытайце на сайтах, рэкляма ёсьць, — сказаў ён Свабодзе праз тэлефон. — Каля лесу знаходзіцца Bigzz, і што? Зрабіце там інтэрвію. А чаму вас абурае ТАА «Бульбаш», я не разумею?»

У сьнежні 2017 Ярмоленкаў пацьвердзіў «Белсату», што ёсьць уласьнікам «аб’екту на 51-м кіламетры», які ён здае ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Кіраўнік «Анісбела», што валодае маленькім барам і крамай садавіны ў Менску, заявіла журналістам, што нічога ня чула пра аб’ект на 51-м км МКАД.

Раней інтэрнэт-старонка будучага «Бульбаш-холу» зьявілася на сайце холдынгу «Наша рэстаранная група» («Белнаватэкс груп»), што валодае сярод іншага раскошнымі менскімі рэстаранамі «Гранд Кушавель» і The View.

«Мы на сёньня ніякіх адносінаў да гэтага ня маем і камэнтароў не даём», — сказаў Свабодзе ў студзені 2018 дырэктар холдынгу Ігар Вараб’ёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?