Сябры краязнаўчай суполкі «Пошукі старога Гомеля» стварылі анімацыйны фільм пра тысячагадовую гісторыю Гомеля. У мультфільме адлюстраваныя найбольш важныя і цікавыя моманты гісторыі Гомеля, згадваюцца знакавыя асобы, у тым ліку тыя, хто дагэтуль у гарадской свядомасці застаецца недаацэненым ці ўвогуле забытым.

«Для тых, хто даўно цікавіцца гісторыяй Гомеля, гэтым мультфільмам мы не адкрыем новых амерык. Аднак для большасці гамяльчан, не кажучы ўжо пра жыхароў іншых мясцін Беларусі, многія падабраныя факты стануць адкрыццём. Калі Румянцаўская эпоха, хаця б на ўзроўні стэрэатыпаў, нашымі землякамі засвоена, то часы, якія папярэднічалі ёй, часта ўяўляюцца цёмнымі, гэткай ахутанай змрокам terra incognita. Мы будзем толькі ўсцешаны тым, што здолеем прыўзняць для іх заслону часу, зацікавіўшы гісторыяй роднага горада розных перыядаў», — адзначыў адзін са сцэнарыстаў фільма, вядомы гомельскі пісьменнік-постмадэрніст Сяргей Балахонаў.

«Спадзяемся, што з нашай працы выйдзе добры плён, і калі-небудзь звыклай для Гомеля з'явай стане не толькі сувенірны магніцік з партрэтам апошняга гомельскага старасты, але і помнік вызваліцелю Гомеля вялікаму князю Альгерду на адной з цэнтральных вуліц. Будзьма рэалістамі, будзьма марыць пра немагчымае!» — адзначае рэжысёр і аўтар фільма Марыя Булавінская.

Праца над фільмам заняла больш за паўгода. Сярод аўтараў — архітэктар і краязнаўца Сяргей Ляпін, мастак — Філіп Какоша, сцэнарыст-кансультант — гісторык Юры Панкоў. Тэкст да мультфільма агучыў вядомы ўсім беларусам «дылетант» — Юры Жыгамонт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0